Дрыгула, БМА‑груп, 2009.
Цудоўны альбом любоўна рэканструяванага старадаўняга інструменталу.
«Стары Ольса» мысліць глабальна (аснова альбому — «Полацкі сшытак»), дзейнічае смела (музыкі зрабілі ўласныя аранжыроўкі акадэмічных твораў) ды яшчэ падае матэрыял з такой упэўненасцю, што нават абсалютна абыякавы да жыцця і творчасці ле Роя і Бакфарка чалавек можа зачаравацца гукамі ліры, жалейкі, дуды ды іншых інструментаў тых часоў.
Альбом пачынаецца з энэргетычнай кампазіцыі «Дрыгула», якая б цалкам пасавала да саўндтрэку якога баевіка (каб яшчэ ў рокавым варыянце запісаць!). А фінальная песня была б да месца ў якім рэмейку‑жахалцы пра Дракулу (вугорскі танец Drumul Draculi).
Агулам у альбоме сыходзяцца тры пачаткі, так уласцівыя музыцы «Ольсы»— рамантычнасць (як у танцы «Гальярда»), гераічнасць (як у трэку Pagamoszka) ды такая карчомная весялосць (развіццё твору Niamiec, напрыклад). «Стары Ольса» з той нешматлікай катэгорыі музыкаў, якія запісваюць альбомы на ўсе часы.