У пачатку тыдня МЗС Беларусі разаслаў у пасольствы і консульствы, якія працуюць у нашай краіне, запрашэнні прыняць удзел у парадзе 9 мая, піша Tut.by.

Запрашэнне прынялі паслы Расіі, Кітая, Азербайджана, Арменіі, Венгрыі, Славакіі, Венесуэлы, В'етнама, Ірана, КНДР, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Палесціны, Турцыі, Таджыкістана, ААЭ, Сербіі. Дарэчы, менавіта пасол Сербіі Велька Кавачэвіч — адзіны, хто напярэдадні надзеў маску на ўрачыстую цырымонію ў Мінску з удзелам прэзідэнта Беларусі.

Таксама на парад прыйдуць часовы павераны ў справах Судана, часовы павераны ў справах Лівіі, часовы павераны ў справах Пакістана, Пастпрадстаўнік РФ пры СНД.

Кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Брытаніі, Украіны, Аўстрыі, Літвы, Швецыі, Латвіі, Эстоніі, Японіі, Італіі і Чэхіі на парадзе не прысутнічалі.

Вайскоўцы Расіі і Кітая, якія павінны былі ўдзельнічаць у парадзе, адмянілі свой удзел. Не прыехаў у Мінск і ніводны кіраўнік замежнай дзяржавы. Не заўважаныя былі і расійскія дэпутаты, на прыезд якіх разлічваў Аляксандр Лукашэнка.

Частка гледачоў на трыбунах сядзелі ў масках. Варта адзначыць, што людзі на трыбунах былі рассаджаныя цесна, без выканання 2-метровай дыстанцыі, рэкамендаванай медыкамі на перыяд пандэміі. У масках сядзелі пераважна людзі маладзейшыя, тады як ветэраны пераважна абыходзіліся без масак.

Сам жа парад адбыўся ў поўным фармаце, з праходам вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі, а таксама пралётам авіятэхнікі. Меў месца таксама выступ роты ганаровай варты.

Парад 2020 года сабраў нашмат менш гледачоў, чым звычайна. Былі запоўненыя трыбуны, але ўздоўж парапетаў на навакольных вуліцах стаялі толькі некалькі тысяч мінчукоў.

Паводле папярэдніх ацэнак МУС, на парад у Мінску прыйшло больш за 15 000 гледачоў.

Для параўнання: па афіцыйных звестках у 2017 годзе парад сабраў да 250 тысяч гледачоў, у 2015-м — каля 600 тысяч.

На трыбунах, куды людзей збіралі па разнарадцы, сёлета было 11 тысяч месцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0