Гучная, самаўпэўненая і аргументаваная заява дэбютанта Vinsent’а, які калегаў‑рэпераў у сваіх тэкстах не чапае, але між радкоў чытаецца дакладна: «Сярога, пасунься!».
Магутная падача, выдатнае адчуванне мелодыі, чысцюткая мова, неблагія тэксты. Вінсэнт сфармуляваў свой кірунак у трэку «Рэпрэзэнт» як «рэп для эстэтаў». Кожнае з яго тысячы словаў мае сэнс, таму гэтыя 15 трэкаў зусім не грузяць. Можа, дурнаватая толькі чытанка «Валадар волі» — варта прадаць яе IQ48:).
«Пачатак» зачароўвае і забірае ад самага пачатку і трымае да самага канца. Асабліва ўражваюць першыя трэкі: па‑добраму нервовы і нахабны «Vinsent рэпрэзэнт», пяшчотная і драматычная «Адыходзяць караблі» (яе на радыё, і дзяўчаткі будуць плакаць пры першых яе гуках) і трэк з прэтэнзіяй на маніфест — «Я працягваю жыць» (кліп на яе просіцца).
«Пачатак» смела можна ўключаць у спіс найлепшых музычных працаў гэтага году.Будзем чакаць працягу.
0
0
0
0
0
0