Міністэрства адукацыі Беларусі не разглядае пытанне аб магчымасці вяртання ў Мінск Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ).

Пра гэта паведаміў 2 красавіка журналістам міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Еўрапарламент і іншыя еўраструктуры неаднаразова заклікалі беларускія ўлады стварыць умовы для вяртання з Вільні ЕГУ. У праекце чарговай рэзалюцыі, якую Еўрапарламент плануе прыняць 2 красавіка, таксама гаворыцца пра неабходнасць вяртання універсітэта ў Беларусь.

«Мы не разглядаем пытанне аб вяртанні ЕГУ ў Мінск. Ніякіх прапаноў не паступала, — сказаў А.Радзькоў. — Паводле наяўнай у мяне інфармацыі, увогуле і ЕГУ ўжо як такога няма, таму што ў іх вялікія цяжкасці з фінансаваннем і іншыя фактары».

А.Радзькоў зазначыў, што неабходна выканаць вельмі шмат умоў для таго, каб «універсітэт адбыўся». «Перш за ўсё гэта патрэба ў ім. У нас кожная вышэйшая навучальная ўстанова вырашае сваю пэўную задачу. Усюды ёсць дакладныя мэты і задачы, таму ў аснове павінна быць размеркаванне, замова павінна быць на гэтых спецыялістаў», — падкрэсліў міністр. Зыходзячы з гэтых патрэб, зазначыў А.Радзькоў, фарміруецца выкладчыцкі склад і адпаведнае фінансаванне універсітэта. «Гэта цэлы комплекс. Калі гэтых складнікаў няма, то тады і універсітэта няма», — сказаў міністр.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці трэба Беларусі вяртанне ЕГУ,

А.Радзькоў сказаў: «Прынамсі ў нас цяпер дастаткова універсітэтаў, якія адпаведна вырашаюць усе задачы па падрыхтоўцы кадраў для ўсіх галінах, таму мы такой патрэбы не бачым».

***

Прыватная навучальная ўстанова «Еўрапейскі гуманітарны універсітэт» была створана ў Мінску ў 1992 годзе. Ініцыятары праекта імкнуліся стварыць незалежны універсітэт, закліканы «забяспечыць падрыхтоўку новага пакалення спецыялістаў, здольных садзейнічаць дыялогу культур Захаду і Усходу і фарміраванню ў Беларусі адкрытай грамадзянскай супольнасці, якая базуецца на каштоўнасцях еўрапейскай цывілізацыі».

У 2004 годзе, пасля таго як калегія Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ВНУ, ён быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць у Беларусі. Дзякуючы палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы літоўскага ўрада, Еўрапейскай камісіі, урадаў, грамадскіх арганізацый і фондаў ЗША і краін ЕС універсітэт змог аднавіць сваю дзейнасць у Літве і восенню 2005 года пачаць рэалізацыю праграм бакалаўрскай і магістэрскай падрыхтоўкі для студэнтаў з Беларусі. У лютым 2006 года ўрад Літвы надаў ЕГУ статус літоўскага універсітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?