Кур'ёзны выпадак адбыўся ўвечары 8 мая паблізу чыгуначнага пераезду на ўскрайку Магілёва, паведамляе абласная міліцыя.

Грузавы цягнік, у складзе якога знаходзілася 100 вагонаў, накіроўваўся з Магілёва ў Жлобін. Пры праездзе перагона Магілёў-2 — Буйнічы машыніст звярнуў увагу на тое, што ў каляіне чыгуначнага пуці на адлегласці 200 метраў ад цягніка ляжыць чалавек.

Машыніст прымяніў экстранае тармажэнне. Аднак поўнасцю спыніцца ўдалося тады, калі над мужчынам праехала ўжо пяць вагонаў. Але ні гучныя гукавыя сігналы, ні грукат колаў не змаглі абудзіць 69-гадовага мужчыну.

Прывесці ў пачуццё 69-гадовага магілёўца змаглі толькі спецыялісты лакаматыўнай брыгады, а затым работнікі хуткай медыцынскай дапамогі, якія даставілі апошняга ў бальніцу. У ходзе абследавання ў мужчыны ніякіх цялесных пашкоджанняў выяўлена не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0