12.05.2020 / 17:55

Віктар Марціновіч пра вылучэнне Бабарыкі і Цапкалы: Чаму заможныя і ўплывовыя людзі вырашылі пайсці ва-банк? 42

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by аб тым, чаму банкір Віктар Бабарыка і стваральнік ПВТ Валер Цапкала вырашылі выставіць свае кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары.

Хачу папярэдзіць: яшчэ могуць быць сюрпрызы, да канца падачы дакументаў тры дні, а моцныя гульцы маюць дурную звычку хадзіць апошнімі. 

Але і таго, што ўжо зроблена, дастаткова, каб зразумець, што нас чакаюць выключныя выбары: такіх яшчэ не было. Нават не з 2010 года, а наогул не было. 

І так, зразумела, што ёсць безадказны і шмат разоў апрабаваны варыянт не зарэгістраваць. І тое, што ўжо проста цяпер робіцца з пякельнымі арыштамі блогераў і журналістаў у рэгіёнах, як бы намякае, што з усіх магчымых варыянтаў зваротнай рэакцыі абраны самы жорсткі. Той, якога таксама дагэтуль у Беларусі не было (бо раней пасля абвяшчэння выбараў адвольныя арышты на суткі прыпыняліся, каб не псаваць карцінку міжнародным ацэншчыкам галасавання). 

То паўстае самае галоўнае пытанне: чаму абодва вырашылі пайсці? Яны добра ведаюць гульню. З допісу Бабарыкі вынікае, што ён выдатна ўсё разумее, ён нават цытуе показку часоў Сталіна — пра тое, што няважна, як галасуюць, важна, як лічаць. 

Дык што адбываецца? 

Чаму гэтыя заможныя і ўплывовыя людзі вырашылі пайсці ва-банк? 

Бо для іх гэта менавіта ва-банк: тут ці хэпі-энд, ці страта ўсяго, што маеш, уключна са свабодай. Мне цяжка ўявіць сабе Саннікава ці Казуліна пасля выбараў у нейкай іншай траекторыі, чым тая, якая ім была наканаваная. 

Па-першае: я абсалютна выключаю магчымасць таго, што Бабарыка ці Цапкала — «спойлеры», «як Сабчак». Таму што гэта Пуцін у Расіі мусіў гуляцца ў настолькі складаныя гульні.

Бо ў Расіі зусім іншыя тэхналогіі падробкі. Там, ведаеце, галасы лічаць. І яўка — рэальная яўка, а не тое, што з’явіцца ў выніковых пратаколах, — важная. Таму і патрэбныя такія кульбіты, які быў прароблены з Сабчак. 

У Беларусі патрэбы ў моцнай альтэрнатыве няма, таму што выбары носяць зусім іншы характар. Колькі б людзей ні прыйшло, і яўка, і фінальная лічба будуць патрэбнымі. У такіх умовах альтэрнатывы большай, чым ЛДП, не прадугледжана гульнёй. 

То абодва моцныя апаненты — не праект беларускай улады.

То, можа, рэч у наяўнасці плана? І відавочна, што гэты план не можа ўключаць вуліцу, бо плошча ўлетку і ва ўмовах эпідэміі неэфектыўная. 

У спадзеве на папярэднія дамоўленасці з вертыкаллю, якой таксама, мабыць, няпроста даўся нядаўні парад (пры гэтым трэба разумець, што ўсе кантакты абодвух вылучэнцаў ва ўсіх, нават самых шыфраваных, сродках сувязі цяпер пільна аналізуюцца)?

У тэхналогіях, да якіх ні Мацкевіч, ні Губарэвіч пакуль не датумкалі? 

Прынамсі, за Бабарыкам — некалькі моцных рэалізаваных праектаў на мяжы дыгітальнасці, культуры і сацыяльнага дзеяння (на ўсялякі выпадак: я ў тых краўдфандынгах не ўдзельнічаў, ніякага дачынення да Белгазпрамбанка не меў і ні ў якую каманду на выбарах ніколі не ўключуся). Цапкала, выглядае, такі ж стыхійны містык, як той, у штабе якога ён некалі працаваў, а манера мыслення такіх людзей, бывае, выводзіць да крокаў, якія чалавеку рацыянальнаму прадказаць немагчыма. 

Калі нейкага геніяльнага плана ў іх няма — што ж, абодва цягам найбліжэйшага года ператворацца ў пакутнікаў і застануцца ў новай гісторыі краіны як тыя, што, у адрозненне ад нас, кніжных разумнікаў, не проста гугнявілі з утульных кухняў, але спрабавалі дзейнічаць. 

«Удзячнае» беларускае грамадства (і Бабарыку, і Цапкалу трэба гэта ўсведамляць!) па завядзёнцы з часоў Каліноўскага працягне падазраваць іх у тым, што «спрацавалі на Крэмль» ці «пабылі спойлерамі».

Я б хацеў абазначыць сваім чытачам гэты момант. Мяжа, на якой мы аказаліся. Запомніце гэтую вясну.

Вось ён, парог, на якім людзі, што маглі, як і мы, пражыць адносна спакойна і бестурботна, вырашылі, што далей адкладаць няма куды і трэба дзейнічаць. 

Чым бы ні кіраваліся — здымаю капялюш!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

33
Павал / Адказаць
12.05.2020 / 18:07
Бо ў Расіі зусім іншыя тэхналогіі падробкі. Там, ведаеце, галасы лічаць. І яўка — рэальная яўка, а не тое, што з’явіцца ў выніковых пратаколах, — важная.

Які наіўны.
93
самый Серый / Адказаць
12.05.2020 / 18:08
Паверыць у тое, што чалавек, які 20 год кіраваў банкам з крамлёўскімі каранямі, гаспадары якога рабілі ўсё на вынішчэнне беларусаў як нацыі, раптам і неўзабаве вырашыў адрачыся ўсяго таго, што рабіла яго жыццё адносна спакойным і безклапотным, і пайсці ратаваць беларусаў каб мелі годнае жыццё? 
Спадар Віктар, вы гэта сур'ёзна?
20
Nokia / Адказаць
12.05.2020 / 18:21
Не будзе ніякіх другіх тураў! Віктар, не ўводзь у зман чытачоў.
Паказаць усе каментары/ 42 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру