Рэжысёр Рыд Таліпаў стаў новым мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Як паведамілі БелаПАН у тэатры, новага мастацкага кіраўніка калектыву прадставіў 31 сакавіка намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка.
Раней мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра быў Віталь Баркоўскі — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» і многіх міжнародных тэатральных фестываляў.
Рыд Таліпаў — уладальнік Гран‑пры міжнародных тэатральных фестываляў у Беларусі, Аўстрыі і Германіі, лаўрэат спецыяльнай прэміі прэзідэнта Беларусі за высокія дасягненні ў тэатральнай галіне.
Узнагароджаны медалём імя Фёдара Цютчава ўрадам Расіі за тэатральную пастаноўку ў Бранскім абласным драматычным тэатры імя Аляксея Талстога. Выкладае майстэрства акцёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Яго пастаноўкі ідуць у многіх тэатрах Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Польшчы, Славеніі, Германіі. У віцебскім драмтэатры Р.Таліпаў паставіў спектаклі «Кацярына Іванаўна» паводле Леаніда Андрэева (2001) і «Васа» паводле Максіма Горкага (2007).