АПЕК пагоршыла прагноз зніжэння сусветнага попыту на нафту з-за пандэміі: па выніках 2020 года чакаецца падзенне попыту на 9,07 млн бараляў за суткі, што на 2,23 млн бараляў перавышае папярэдні прагноз, вынікае з майскай справаздачы арганізацыі, піша tass.ru.

У прыватнасці, попыт на нафту ў развітых краінах, як чакаюць у АПЕК, упадзе на 5,2 млн бараляў у суткі (прагноз пагоршаны на 1,2 млн бараляў); у краінах, якія не ўваходзяць у АЭСР [Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця — у яе ўваходзяць 37 краін, што вызнаюць прынцыпы рынкавай эканомікі і дэмакратыі, Беларусь не з'яўляецца сябрам АЭСР], зніжэнне попыту складзе 3,9 млн бараляў за суткі (прагноз пагоршаны на 1 млн бараляў).

Такім чынам, попыт на нафту ў свеце ў 2020 годзе чакаецца на ўзроўні 91,1 млн бараляў за дзень.

Паводле ацэнкі АПЕК, наймацней падзенне попыту ў найбуйнейшых сусветных спажыўцах нафты выявіцца ў II квартале 2020 года.

Негатыўны ўплыў пандэміі адаб'ецца і на прапанове нафты. У прыватнасці, здабыча краін «не АПЕК» у 2020 годзе ўпадзе на 3,5 млн бараляў — да 61,5 млн бараляў за суткі. Цяперашні прагноз пагоршаны на 2 млн бараляў у параўнанні з папярэдняй ацэнкай.

Перагляд прагнозу ўлічвае планы па скарачэнні здабычы найбуйнейшымі нафтавымі кампаніямі. У прыватнасці, вытворчасць нафты ў ЗША ў II квартале ўпала на 1,5 млн бараляў за суткі, па выніках года зніжэнне можа скласці 1,4 млн бараляў за суткі.

Невялікі рост у 2020 годзе прагназуецца толькі ў Нарвегіі, Бразіліі, Гаяне і Аўстраліі.

Ацэнку змены сваёй здабычы ў бягучым годзе АПЕК не падае. Паводле справаздачы, у красавіку здабыча краін АПЕК вырасла на 1,8 млн бараляў — да 30,4 млн бараляў у дзень. Рост тлумачыцца завяршэннем здзелкі АПЕК+ у канцы сакавіка. Новае пагадненне ўступіла ў сілу 1 мая.

Камерцыйныя запасы нафты ў краінах АЭСР у сакавіку перавысілі 3 млрд бараляў, што амаль на 90 млн бараляў вышэй за сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў, паведамляе АПЕК.

У такім аб'ёме запасаў хапіла б на 86 дзён, што амаль на 9 дзён больш, чым месяцам раней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0