Часам у гісторыі за год адбываецца болей кардынальных зменаў, чым за папярэднія дзесяцігоддзі. На нашай памяці такім быў год 1989‑ы.

Вось толькі некалькі, найбольш знакавых падзеяў — першыя ў гісторыі СССР выбары, на якіх вылучаліся некалькі кандыдатаў на адно дэпутацкае месца; першыя паўсвабодныя выбары ў Польшчы, фармаванне рэфарматарскага ўрада Мазавецкага; крывавы разгон намётавага лагера студэнтаў на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне; падзенне камуністычнага рэжыму ў ГДР, руйнаванне Берлінскай сцяны — сімвалу таталітарызму і падзелу Еўропы; «Аксамітная рэвалюцыя» у Празе. Расстрэл румынскага дыктатара Чаўшэску і ягонай жонкі.

Радасць вызвалення «з‑пад глыбаў» камунізму тады пераважала над трагізмам многіх падзеяў. Але што засталося ад надзеяў на лепшую будучыню за апошнія дваццаць гадоў?

«Салдаты блакіравалі падыходы, акружалі грамадзян і білі іх дубінкамі і сапёрнымі рыдлёўкамі, не шкадавалі тых, хто ляжаў там і галадаў, дзяўчат і сталых кабет, дактароў і работнікаў Чырвонага Крыжа, пераследавалі тых, хто ўцякаў, дабівалі параненых, вырываючы іх з рук медыцынскага персаналу, білі работнікаў мясцовай міліцыі, якія, выконваючы свой службовы абавязак, ратавалі жыццё грамадзян.

Паводле афіцыйных звестак, на месцы трагедыі загінула шаснаццаць чалавек, чатырнаццаць з якіх жанчыны. Самай старэйшай з іх — семдзесят, самай малодшай — пятнаццаць»..

З выступлення Т. Гамкралідзе, дырэктара Інстытута Ўсходазнаўства АН Грузінскай ССР (Са стэнаграмы І з’езда народных дэпутатаў СССР)

«Зачытваю лозунгі, найбольш пашыраныя па ўсім горадзе і асабліва ў раёне Дому ўраду, у тым ліку на англійскай мове: «Далоў расійскі камунізм!», «Далоў камуністычны рэжым!», «СССР — турма народаў» (…)

Сапёрныя рыдлёўкі былі ў асабовага складу толькі як прыналежнасць экіпіроўкі. Хто‑ніхто трымаў у руцэ сапёрную рыдлёўку, бо салдату трэба чымсьці бараніцца».

З выступлення І. Радыёнава, камандуючага войскамі Закаўказскай ваеннай акругі (Тамсама).

9 красавіка

Быў момант увесну 89‑га, калі многім падалося, што надзеям на перамены ніколі не збыцца. 9 красавіка савецкія дэсантнікі разагналі ў цэнтры Тбілісі мірную маніфестацыю.
Маніфестанты патрабавалі немагчымага —выхаду з СССР. Савецкая імперыя ашчэрыла зубы. Зубы, праўда, былі ўжо гнілыя. Але кроў людская была сапраўднай.
Здавалася, гарбачоўскім рэформам, дэмакратыі пакладзеная мяжа.

Але 23 мая ў Маскве сабраўся першы З’езд народных дэпутатаў СССР. Пачаўся ён з таго, што дэпутат Таўпежнікаў (лекар хуткай дапамогі з Рыгі) нечакана, яшэ да пачатку пасяджэння, выбег на трыбуну і прапанаваў ушанаваць памяць загіблых у Тбілісі. І ўсе дэпутаты, прысутныя ў зале, — у тым ліку, сакратары абкамаў, прадстаўнікі вышэйшай партнаменклатуры, міністры, генералы войскаў і КГБ — усталі. Гэта быў толькі пачатак.

Няма сэнсу пераказваць хаду з’езду. Калі сёння перачытваеш выступленне прафесара Юрыя Афанасьева, які кінуў з трыбуны ў твар партнаменклатуршычкам словы пра «агрэсіўна‑паслухмяную большасць», здіўляешся — чаму абсалютна нармальныя словы ўспрымаліся ў грамадстве амаль як выбух бомбы? Ён жа ўсяго толькі ўслых сказаў тое, што думаў. І пра што думалі яшчэ сотні тысяч іншых людзей, зразумела…

У дні з’ездаў на вуліцах Мінска часцяком можна было бачыць людзей, якія йшлі, альбо стаялі, прыціскаючы да вуха радыёпрыймачы.
Яны слухалі не рэпартажы з футбольных матчаў, а выступленні Алеся Адамовіча, Гаўрылы Папова, Барыса Ельцына, Андрэя Сахарава, Станіслава Шушкевіча. У 1990‑м з яшчэ большай увагай будуць слухаць пасяджэнні Вярхоўнага Савета БССР, потым — ВС Рэспублікі Беларусь. Многія слухалі прыймачы падчас мітынгаў, даючы паслухаць трансляцыю суседзям у перапынках паміж выступамі аратараў на плошчы.

«Падчас вайны, я гэта назіраў сам, а потым чуў ад іншых, людзі ад страху нечакана ўпадалі ў сон, засыналі. Вакол людзей забівалі, як у беларускіх Хатынях, а чалавек заснуў і спіць. Абарончая рэакцыя арганізму, псіхікі. Вось так адну частку народа па чарзе забівалі ў 20‑я, у 30‑я, у 40‑я гады, а астатнія занураныя былі ў здранцвенне».

«Мусіць быць створаны надзейны механізм абароны ад самога кіраўніка дзяржавы, калі яму пачнуць сніцца сны пра Сталіна».

З выступлення Алеся Адамовіча. (Тамсама)

Вандэя — хто гэта?

У Беларусі не было таго валу публікацыяў, якія выходзілі тады адна за адной у маскоўскіх «тоўстых часопісах». Не так шмат твораў захавалася, так бы мовіць, у шуфлядах сталоў беларускіх пісьменнікаў. З ранейшай забароненай літаратуры падчас перабудовы ці крыху пазней былі надрукаваныя, хіба, толькі «Дзве душы» Гарэцкага, «Запіскі Самсона Самасуя», «У кіпцюрах ГПУ» Аляхновіча, вершы Геніюш і Арсеньевай (цалкам іх спадчына не апублікаваная ў Беларусі і дагэтуль)…

Але Беларусь, як цяпер разумееш з адлегласці часу, не была і той Вандэяй, якой яна бачылася многім у 1989‑м.

Моц вольнага слова, сапраўды, часам уражвае. Пра Беларусь як пра Вандэю загаварылі праз публіцыстычныя выказванні Алеся Адамовіча. Падчас гвалтоўнага разгону маршу на Курапаты, на Дзяды‑1988, людзі скандавалі: «Ван‑дэ‑я»! Словы гэтыя былі звернутыя не столькі да спецназаўцаў, якія і слова таго не ведалі (некаторыя з іх пыталіся: хто такая Вандэя?!), колькі да камуністычнай улады БССР.

Цяпер мы можам разважаць, што агульная між Вандэяй і Беларусьсю толькі сялянская большасць у насельніцтве (у нашым выпадку гэта былыя сяляне, гараджане ў першых пакаленнях). І што «белы тэрор» супраць рэвалюцыянераў у французскай правінцыі быў адказам на «чырвоны тэрор» парыжскіх якабінцаў. Але лозунг на нейкі час зрабіўся папулярным. Хаця ў дачыненні да Сакалова (хто цяпер памятае яго імя і пасаду?) і іншых членаў ЦК КПБ гэта, хутчэй, было кампліментам. Якога яны, зразумела, не разумелі і не жадалі.

Неаспрэчна, што ў Беларусі адбывалася тады сапраўдная рэвалюцыя. І пачалася яна нават не ў кастрычніку 1988‑га, калі адбылася першая ў СССР масавая антысталінісцкая дэманастрацыя і калі супраць мірных дэманстрантаў былі ўжытыя «спецсродкі», а ўлетку.

(У) моўная рэвалюцыя?

У Беларусі не было сваіх «Московскіх новостей» ці «Нового міра», але ў яе была і ёсць свая легенда «перабудовачнай» журналістыкі — тыднёвік «Літаратура і мастацтва» на чале з Анатолем Вярцінскім. А зорным часам гэтай журналістыкі сталася, безумоўна, публікацыя артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Нічога падобнага, паводле моцы фактаў пра злачынствы НКВД і глыбіні маральнага ўздзеяння на грамадства нідзе на савецкай прасторы, наколькі мне вядома, да тае публікацыі не было. (Пра моц артыкула ўскосна сведчыць тое, што галоўны рэдактар газеты «Беларусь сегодня» Павел Якубовіч у інтэрв’ю польскім журналістам для кнігі «Зрабаваны народ» сцвярджае, быццам хацеў апублікаваць падобную інфармацыю пра Курапаты, але Пазьняк яго апярэдзіў).

Акрамя таго, былі непадцэнзурныя «Навіны БНФ». У 1990‑м, дзякуючы Сяргею Дубаўцу, з’явіцца газета «Свабода», у 1991‑м адродзіцца «Наша Ніва». «Народная газета» стане газетай Вярхоўнага Савета. І нават «Звязда» адзначыцца «перабудовачнымі» публікацыямі.

Адрозна ад рэвалюцыяў у суседніх краінах Балтыі, у нас гэта не была «спеўная рэвалюцыя».

Але беларускую рэвалюцыю канца 80‑х смела можна назваць рэвалюцыяй моўнай.
Яна выяўлялася не толькі ў беларускіх вольных выданнях, у з’яўленні цэлай хвалі маладых журналістаў, публікацый філолагаў і гісторыкаў. Мова вольна загучала на вуліцах і плошчах, на мітынгах і дэманстрацыях.

Дык што гэта было ў 1989? Можа, гэта быў усяго толькі ружовы сон, які скончыўся ўсяго праз пяць гадоў? І ўсё ніяк не можам прачнуцца, выйсці з таго здранцвення, пра якое пісаў Адамовіч.

Патрэбны код доступу да памяці. Калі мы яго яшчэ не згубілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?