Перасуд па справе аб прызнанні нумару часопіса экстрэмісцкім, які меў адбыцца 6 красавіка ў 9.30, перанесены на 7 мая па ініцыятыве судовай калегіі.

Стала вядома, што разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста аб прызнанні шэрагу публікацый у № 7–8 недзяржаўнага культуралагічнага часопіса «ARCHE-Пачатак» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню», які быў прызначаны на 6 красавіка, перанесены на 7 мая. Гэта адбылося па ініцыятыве судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда, паведаміў адвакат Павал Сапелка.

Нагадаем: 25 лютага суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Міранюк задаволіла заяву упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці ад 30 снежня 2008 г. аб прызнанні выдання экстрэмісцкім. «…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і праўлення Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь», — сцвярджалася ў заяве за подпісам начальніка УКДБ, палкоўніка Леаніда Дзядкова.

Слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме і доўжыліся ўсяго адну гадзіну.

ARCHE — адно з апошніх беларускамоўных і адначасова адно з усяго некалькіх апазіцыйных да лукашэнкаўцаў выданняў, што захаваліся. Дзякуючы сваёй якасці, ARCHE адзінае з беларускіх выданняў далучанае да еўрапейскае сеткі інтэлектуальных часопісаў «Eurozine». Сёння ARCHE мае патрэбу ў падтрымцы і салідарнасці.

Перагляд справы пройдзе 7 мая па адрасе: Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 41.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?