05.04.2009 / 08:56

Хто каго: крызіс Літву ці Літва крызіс? 7

Адстаўка ўраду і шпаркі эканамічны спад у Латвіі прымушае з падазрэннем прыглядзецца да суседняй і шмат у чым падобнай краіны: ці не пагражае такое ж палітычнае і эканамічнае бязладдзе Літве ва ўмовах сусветнага крызісу і моцнай залежнасці ад знешняга рынку?

Адстаўка ўраду і шпаркі эканамічны спад у Латвіі прымушае з падазрэннем прыглядзецца да суседняй і шмат у чым падобнай краіны: ці не пагражае такое ж палітычнае і эканамічнае бязладдзе Літве ва ўмовах сусветнага крызісу і моцнай залежнасці ад знешняга рынку?

Найперш — літоўскае кіраўніцтва спрабуе неяк лавіраваць сярод непагадзі крызісу. Напрыклад, у красавіку літоўскі ўрад плануе ўрэзаць выдаткі бюджэту на 2 мільярды літаў (579,2 млн. еўра).

Скарачэнне адбудзецца за кошт інвестыцыйных праграм і выдаткаў дзяржаўных установаў. У апошніх ідзе актыўнае пазбаўленне ад непатрэбных працоўных месцаў. Напрыклад, у Міністэрстве замежных спраў працэнт скарочаных працаўнікоў будзе складаць 20%.

Аднак скарачэнне працоўных месцаў непазбежна адбіваецца і на агульнадзяржаўным узроўні. У лютым Літва заняла трэцяе месца сярод краін Еўразвязу, калі ўзровень беспрацоўя склаў 13,7%. А агульны сярэдні па Еўразвязе паказчык — усяго 7,9%. Яго «цягнуць» уверх Іспанія, Ірландыя, Славакія і краіны Балтыі.

Палітолаг Альгіс Крупавічус крытыкуе кабінет міністраў за нявыкананае абяцанне паменшыць дэфіцыт бюджэта: «Нават пасля павышэння падаткаў бюджэт не сабраны. Усе прызнакі паказваюць, што падаткавая рэформа і наогул фінансавая палітыка не дастаткова пралічаная».

Дзеянні ўраду Літвы выклікалі непаразуменне і незадавальненне насельніцтва, следствам чаго сталі рэзкія выступленні, якія хваляй дакаціліся з латвійскай сталіцы Рыгі. А пасля адстаўкі у лютым латышскага прэм’ер‑міністра Іварса Годманіса у адрас Андруса Кубілюса пасыпаліся правакуючыя пытанні, ці не пахіснецца фатэль таксама і пад ім. Аднак літоўскі кіраўнік не стаў драматызаваць падзей і заявіў, што становішча ў Латвіі было ўскладненае і палітычна, і фінансава. Пры гэтым прэм’ер не стаў адмаўляць агульнага для краін Балтыі крохкага стану: «Ад Латвіі мы мусім навучыцца, што эканамічнае і палітычнае становішча можа вельмі шпарка псавацца не толькі ў Латвіі, але і ва ўсім рэгіёне. У сувязі з гэтым клопат праяўляюць і Сусветны банк, і мноства іншых вядомых экспертаў».

Літоўскі прэм’ер яўна намякае на дапамогу з Захаду. І сапраўды, яшчэ ў лютым еўрапейскія лідэры заклікалі Міжнародны валютны фонд да выдаткавання дадатковых сродкаў на падтрымку пост‑камуністычных краін Еўропы, якім пагражае паўнавартасны дзяржаўны крызіс.

Як сцвярджае эканаміст Ларс Крыстэнсэн, гэта найвялікшы крызіс у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ад канца камунізму. Пасля атрымання незалежнасці краіны пачалі ўзнаўляцца і развівацца, дзякуючы экспарту і замежным інвестыцыям. «Палітыкі гэтага рэгіёна былі хутчэй лідэрамі эканамічнага буму, чым разважлівымі ахоўнікамі росту» — кажа Крыстэнсэн.

Запазыка, большая за гадавы ВУП

Але куды больш? Замежная запазыка Літвы складае 72% ад усяго валавага ўнутранага прадукту за 2008 год. Гэта вялікі паказчык, калі параўнаць з 24 працэнтамі запазыкі Чэхіі і 23% — Польшчы. Але, з іншага боку, знешняя запазыка Эстоніі, напрыклад, перавысіла ВУП: гэта ажно 131%. Латвія таксама павінна больш, чым мае — 116%.

Як прагназуе агенства «Fitch«, сёлета ВУП Латвіі знізіцца на 12 працэнтаў, а наступным годам — на 3 працэнты. Гэта значыць, што латвійская эканоміка перажывае найвялікшае эканамічнае падзенне сярод еўрапейскіх краінаў, што развіваюцца. Аднак, як піша газета «Diena«, цяжкі час наступіць і для дзвюх астатніх карін Балтыі. І ў Эстоніі, і ў Літве паказчык ВУП зменшыцца на 10 працэнтаў, а ў наступным годзе — яшчэ на 2 і 3 працэнты адпаведна.

Таму становішча краінаў Балтыі сапраўды хісткае. Эканоміка новых дзяржаў Еўразвязу, магчыма, і далей працягвала б паспяхова расці на замежных укладах, калі б не крызіс. Лідэры дваццаці вядучых краін свету сабраліся на лонданскі саміт для таго, каб вынайсці аптымальны шлях на нават не поўнае пераадоленне — прыпыненне крызісных працэсаў, бо яны пачалі захопліваць усё больш галінаў іх уласных эканомік. Калі ў фінансавых лідэраў няма сродкаў на сябе, становіцца відавочна, што ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу першымі кандыдатамі стаць дзяржаўнымі банкротамі становяцца найвялікшыя даўжнікі.

Чуткі пра дэвальвацыю

Паддаўшыся агульнай паніцы, справакаванай заявамі некаторых палітыкаў і эканамістаў, жыхары Літвы з‑за боязі дэвальвацыі пабеглі да абменных пунктаў пазбаўляцца ад нацыянальнай валюты.

Больш за палову насельніцтва краіны, 51 працэнт, мяркуюць, што да ўвядзення еўра ў Літве літ будзе дэвальваваны. А ўпэўненых у тым, што курс літа адносна еўра застанецца стабільным — усяго 23% апытаных.

Між тым афіцыйныя асобы ўпэўніваюць у тым, што узровень літа не зменіцца: «Літва прыняла абавязацельства да ўвядзення еўра вытрымаць стабільны курс літа і еўра» — заявіў кіраўнік Літоўскага банка Рэінольдыюс Шаркінас. Як сцвярджае прэм’ер‑міністр Андрус Кубілюс, старанні падрыхтаваць антыкрызісны бюджэт дапамогуць Літве захаваць стабільнасць дзяржаўных фінансаў і эканомікі. «Не бачу нагоды сумнявацца ў стабільнасці літа» — сказаў кіраўнік ураду.

Ад 2002 года літы прывязаны да еўра стабільным курсам: 3, 4528 літа за 1 еўра.

Ад 2004 года Літва далучылася да другога механізма курса валют (VKM II), які з’яўляецца адным з абавязковых крокаў да ўвядзення еўра. Пастаянны курс літа адносна еўра пры гэтым захаваўся.

Стася Мініч, паводле матэрыялаў delfi.lt і Wall Street Journal

0
Jeż Jerzy / Адказаць
05.04.2009 / 09:28
Папраўце памылку ў другім абзацы: 2 мільярды літаў нэта не 579,2 тыс. еўра, а 579,2 МЛН. еўра. [ок, дзякуй - вэб-рэдактар]
0
Zycahry Lietuvy. / Адказаць
05.04.2009 / 13:38
Vielmi zapozniennaja infarmacyja - amal miesiacovaj dauniny. Budzcie bolss apieratyunymi. Adlehlasci geagraficnja nietakaja uzo i dalokaja, nie kazucy pra infarmacyjnuju.
0
Zawvaha / Адказаць
05.04.2009 / 18:20
2Zycahry Lietuvy: Якая ж вам старая інфармацыя? Пра девальвацыю літа размаўлялі й год таму і пару месяцаў таму й зараз размаўляюць і ўвесь час да ўвядзеньня эўра будуць такія размовы; пра Латвію - тое самае: і раней казалі й зараз кожны дзень кажуць, што дефолт Латвіі можа пацягнуць і Літву з Эстоніяй і будуць надалей доўгі час казаць тое, то ведаючы гэта можа я магу празорцам сябе назваць?:) Усё астатняе - апошния навины.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру