У распараджэнне «Беларускага партызана» трапіў адкрыты ліст на імя міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, які ягоныя падначаленыя перадаюць з рук у рукі.

Гавораць, што з’явілася гэтае пасланне пасля адной з нядаўніх калегіяў МУС, на якой былі адхіленыя ад пасадаў некалькі міліцэйскіх начальнікаў.

«Клапатлівы Вы наш міністр Навумаў!

Піша вам просты, акопны супрацоўнік міліцыі, самы звычайны мент, чые будні мінаюць не ў барацьбе са злачыннасцю, а ў спробах праслужыць яшчэ адзін дзень, ратуючы свой аўтарытэт і спрабуючы выканаць свой абавязак насуперак вашым дзеянням.

Цяпер беларуская міліцыя мае два гістарычныя перыяды: да вашага прыходу і пасля вашага прыходу.

Перыяд першы — заслужаны намі. Калі ўчастковы інспектар быў маленькім мясцовым богам. Людзі ішлі да яго як да апошняй інстанцыі, і дапамагчы ім было ў ягоных сілах. Нават самая апошняя мясцовая гнюсь называла яго на Вы і цярпліва чакала яго рашэння. Бывалі выпадкі, калі адзін няўзброены ўчастковы інспектар мог павесці за сабой статак адмарозкаў куды заўгодна, у любы апорны пункт, яны ішлі і баяліся пікнуць яму ў спіну.

Ён рэальна мог зрабіць сваю «зямлю» вольнай ад злачыннасці. Словазлучэнне «Крымінальны вышук» магло ўвагнаць у ступар любога. Яго аўтарытэт для злачыннага свету не абмяркоўваўся. Упэўнены, што прыгадаць, каб хтосьці не адчыніў дзверы, не прапусціў сышчыка туды, куды яму неабходна для працы, не выйдзе…

Пра тую міліцыю, калі ўсе хацелі працаваць, жылі працай і гатовы былі памерці, робячы працу, можна казаць доўга.

Перыяд другі — заслужаны Вамі [Уладзімір Навумаў кіруе беларускай міліцыяй ад верасня 2000 г. ‑‑ НН]. Гэта штодзённае адчуванне маральнай непаўнавартасці кожнага міліцыянера, штодзённыя абразы на наш адрас, у твар: «Ты, мент паганы, ды пайшоў ты на …. хто ты такі, ды што ты мне можаш зрабіць, ды я цябе звольню» і г.д. Ударыць міліцыянера, плюнуць яму ў твар, абразіць пры ўсіх — гэта стала нормай і нават гонарам кожнага ўблюдка.

Гузакі, адарваныя пагоны і ўжо забойства чалавека ў форме, гэта — Ваша заслуга.

Стварэнне атмасферы страху, істэрыкі, даносаў у нашых шэрагах, гэта — Ваша заслуга.

Кепікі людзей, з’едлівыя жарты ў наш бок, гэта Ваша — заслуга.

Вы ставіцеся да нас як да пагалоўя, Вам нецікавыя побытавыя і матэрыяльныя праблемы ведамства, якое Вы ўзначальваеце.

У сваіх публічных выступах Вы кажаце пра нас «яны», Вы пазбавілі нашых дзяцей медыцынскага абслугоўвання, Вы з лёгкасцю падтрымалі пазбаўленне неабходнага для працы бясплатнага праезду, Вы практычна знішчылі службу ўчастковых інспектараў, прыраўняўшы іх становішча і заробак да падсобных рабочых.

Вы можаце нам патлумачыць, як пры адсутнасьці тэхнікі і міліцыянераў‑кіроўцаў, з заробкам, як у прыбіральшчыц у нарыхтоўчых канторах, можна ўкласціся ў нарматывы прыезду аператыўнай групы і першага нараду, нарматывы, якія таксама невядома адкуль прыйшлі Вам у галаву?!

Вы ўцягнулі нас у спартовае таварыства, не патлумачыўшы афіцыйна, куды ідуць нашыя немалыя складкі, і не цікавячыся, калі ж у нас з’явіцца час для спорту. Дарэчы, у Вас на хакей і шпацыры ён, як гэта ні дзіўна, ёсць.

Выпешчаная Вамі служба ўласнай бяспекі ў сваёй усёдазволенасці забылася, што іх дзейнасьць скіравана таксама і на абарону міліцыянераў ад паклёпаў і іншага.

Вы стварылі загад №1, не задумваючыся над тым, што, калі чалавек з’яўляецца хамам, хамам пасля прачытання Вашага загаду ён і застанецца, а культурнаму чалавеку загадваць быць культурным і ветлівым не трэба.

Вы з дзіўнай лёгкасцю і радасцю паведамляеце на ўсю краіну, што спіце ў Новы год, чытаеце «Рабінзона Круза», і не ведаеце ўзроўню злачыннасці, таму што Вам гэта нецікава.

Дзе ж Вы знайшлі такіх магутных стратэгаў у МУС, калі нам абвяшчаюць пра збор супрацоўнікаў міліцыі ў аўтобусах ля стадыёну за пяць гадзінаў да пачатку футбольнага матчу? Вы можаце спытаць у падначаленых Вам стратэгаў, як можна прасядзець палове супрацоўнікаў сталічнага гарнізону ва ўпраўленні ў нядзелю з 9 да 18 гадзінаў узмацнення, калі недзе сабраліся 20—30 чалавек?

Хто з Вашых стратэгаў нарадзіў абсалютна бяздарны, бляклы часопіс «Милиция Беларуси» і такую ж газету «На страже» і абавязаў нас падпіскай на іх (што з’яўляецца парушэннем канстытуцыйнага права кожнага чалавека на свбаоду, а менавіта артыкул 33 Канстытуцыі РБ «Кожнаму гарантуецца свабода думак, перакананняў і іх свабоднае выражэнне. Ніхто не можа быць прымушаны да выяўлення сваіх перакананняў альбо адмове ад іх.

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі альбо асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца»), і чаму нас пазбаўляюць надбавак за адмову ад падпіскі?

А самае галоўнае: ці даводзяць да Вас Вашыя стратэгі, што «яны», то бок мы, звальняемся штодзённа з ОУС дзясяткамі, што рапарты аб звальненні растуць як снежны ком.

Прашу Вас ад імя усёй міліцыі: сыдзіце самі, сыдзіце хаця б дзеля бяспекі дзяржавы. Няхай хаця б адзін Ваш учынак застанецца ў нашай памяці як годны — СЫДЗІЦЕ!»

У канцы ліста стаіць подпіс: «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў».

Белорусский партизан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0