Які ўсё ж цудоўны фінал быў у сёлетнім чэмпіянаце Беларусі! У ім столькі ўсяго, што і не пералічыш.
Пасля чацвёртай гульні серыі мала хто сумняваўся, што «Гомель» стане чэмпіёнам. Здаецца, што пасля ліку 3:1 у нашым першынстве яшчэ ніхто не адыгрываўся. Аж не, каманда Міхаіла Захарава сабралася ў патрэбны момант і даказала, што ў хакей гуляюць да апошняй хвіліны.

А як пачынаўся гэты чэмпіянат. Пасля таго, як мінскае «Дынама» прыняло рашэнне гуляць у Кантынентальнай хакейнай лізе, многія думалі, што першынства істотна аслабее і спадзе глядацкі інтарэс. Дзе там! Пакуль мінскае «Дынама» правальвала гульню за гульнёй на прасцяг вялізнай Расіі,

людзі тоўпіліся ля касаў Лядовых палацаў Гомеля, Наваполацка, Гродна, Магілёва, каб трапіць на матчы ўнутранага першынства. Ну а ўжо калі пачаўся плей‑оф, то чэргі ля касаў нагадвалі міні «а‑ля Лігу чэмпіёнаў».

Балельшчыкі зразумелі, што хакей жа нікуды не дзеўся! І першынства зусім не аслабла. А фінал парадаваў асабліва.

Такая развязка і такая драматургія!

Як у добрым галівудскім фільме каманды давялі серыі да заключнай сёмай гульні. Яе пераможца атрымліваў усё. Матч нават перанеслі з цеснага катка ў парку Горкага ў больш прасторны Палац спорту на Нямізе, хоць і давялося там адмяніць адно мерапрыемства.

Толькі паспеў зайсці ўнутр палацу, як сутыкнуўся з праблемай — на месцах, што былі напісаныя на білетах, сядзелі… бээрэсэмаўцы. А вядомы з суду над Аляксандрам Баразенкам актывіст лукамолу Уладзімір Цюхай не пускаў уладальнікаў запаветных квіткоў на законныя месцы.
Маўляў, Мінгарвыканкам забраніраваў іх для БРСМ. Найбольш нахабныя, я ў тым ліку, усё ж сагналі маладзёнаў з месцаў, нягледзячы на ўсе крыкі Цюхая, але ладна частка людзей так і глядзела хакей стоячы, хоць і заплаціла за гэта грошы.
Навошта заганяць на матч моладзь, калі аншлаг усё адно забяспечаны?
Логіку зразумець цяжка. Дарэчы, людзі крайне негатыўна паставіліся да такой ініцыятывы дзяржаўнай моладзі. Нехта ззаду гукаў, што і потым гэтыя людзі будуць сядзець у выканкамах. Каротка падсумаваўшы: жах!

Можа даўно не быў на хакей, але ўзровень гульні прыемна ўразіў. Высокія хуткасці, барацьба на кожным сантыметры пляцоўкі. Адразу было бачна, што саступаць не хацеў ніхто.

Фанаты «Гомеля» да выезду падрыхтаваліся выдатна. Клубныя сцягі (дзяржаўных не было), шалікі, майкі, транспаранты. «За вас уся краіна», было напісана на адным. На іншыя былі прозвішчы хакеістаў.

У тым ліку брамніка маладога брамніка Ігара Брыкуна.

Менавіта гэты 22‑гадовы хлопец і быў галоўнай дзейснай фігурай на лёдзе.

Мінчане ад самага пачатку пайшлі наперад, а «Гомель» стрымліваў атакі і імкнуўся адказаць вострымі контрвыпадамі. Часам, асабліва ў другім перыядзе, вельмі ўдала. Брыкун жа, напэўна, заслужыў на права найлепшага хакеіста сустрэчы.
Дзесьці на восьмай хвіліне першага перыяду ў палацы з’явіўся Аляксандр Лукашэнка. Гледачы віталі яго не надта цёпла.
Дарэчы, сышоў ён адразу пасля фінальнай сірэны, нават не павіншаваўшы хакеістаў з чэмпіёнствам. Знаёмы фатограф потым расказваў, што ім была дадзеная строгая каманда кіраўніка краіны не здымаць.

Хвіліны ішлі адна за адной, а шайбы хакеісты не закідвалі. Не дапамагалі нават выдаленні. Градус напружанасці рос з кожнай хвілінай.

Стала зразумела, што лёс сустрэчы вырашыць адна шайба. Так яно і адбылося.

Ужо ў другой палове трэцяга перыяду «Гомель» за парушэнне правілаў застаўся ў меншасці. Не прайшло і дзесяці секунд, як

Кітараў змог скарыстацца колькаснай перавагай і адкрыў лік.
Радасці балельшчыкаў «Юнацтва» не было межаў.

Яшчэ заставалася больш за пяць хвілін гульні, у «Гомеля» было на аднаго гульца болей, яны здымалі Брыкуна, але гэта не дало плёну. За дзесяць секунд да канца трыбуну пачалі адваротны адлік.

А потым была радасць пераможцаў і смутак пацярпелых паразу. Мінчане падкідвалі на руках Міхаіла Захарава, а Аляксандру Андрыеўскаму толькі і заставалася што супакойваць сваіх хлопцаў. Яны зрабілі ўсё што маглі, але супернік аказаўся крышачку мацней.

Дарэчы, што спадабалася, дык гэта як «Гомель», нават пасля сканчэння гульні, падтрымлівалі балельшчыкі. Яны не спыняліся крычаць назву сваёй любімай каманды, прозвішча трэнера, гульцоў.

Потым яны сталі кідаць на лёд мяккія плюшавыя сэрцы, як знак адданасць любімаму клубу.

«Юнацтва» атрымала Кубак з рук міністра Навумава. У іх свята. І гэтае свята цалкам заслужанае.

Усё ж хакей у Беларусі ёсць. І хакей прыстойнага ўзроўню.

З перамогай, «Юнацтва»!

Зміцер Панкавец

***

Падапечныя Міхаіла Захарава выйгралі ў фінальнай серыі ў «Гомеля» з лікам 4:3, прычым саступаючы 1:3.

Для выяўлення пераможцы спатрэбілася сем матчаў.

Вырашальны прайшоў сёння ў мінскім Палацы спорту.

Гульня скончылася з лікам 1:0 на карысць «Юнацтва».

Адзіную шайбу закінуў на 15-й хвіліне трэцяга перыяду Аляксандр Кітараў (асістэнты Сныш і Сцяпанаў).

Камандзе ўручаны прэзідэнцкі Кубак (уручыў старшыня федэрацыі хакею Уладзімір Навумаў).

«Юнацтва» выйграла першы матч серыі, потым тры матчы прайграла, але здолела потым тры матчы выйграць.

«Юнацтва» сталі чатырохразовымі чэмпіёнамі Беларусі (2004, 2005, 2006, 2009).

А сёлета таксама заняла першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце.

Заўтра раніцай чытайце рэпартаж з матчу.

***

Для выяўлення пераможцы ў фінале спатрэбіліся ўсе сем матчаў.

«Юнацтва» перамагло ў першым (3:2, ОТ), пятым (3:1) і шостым матчах (3:2 у гасцях), прычым пасля перамогі ў першым матчы, мінчукі тры матчы запар прайгралі (лік у серыі быў 1:3).

На шляху да фіналу «Юнацтва» ў чвэрцьфінале абыграла наваполацкі «Хімік-СКА» (лік у серыі 3:0), у паўфінале — магілёўскае «Хімвалакно» (3:2).

«Гомель» у чвэрцьфінале абыграў гродзенскі «Нёман» (3:2), у паўфінале — жлобінскі «Металург» (3:0).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0