657 чалавек памерлі ад пазабальнічных пнеўманій у 3-мільённым Дагестане.

Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя гэтай расійскай аўтаноміі Джамалудзін Гаджыібрагімаў у час жывога эфіру ў Instagram з блогером Русланам Курбанавым.

У той жа час ад COVID-19 у Дагестане па афіцыйных звестках памерлі толькі 27 чалавек, або ў 24 разы менш.

Усяго, па словах міністра, у аўтаноміі зарэгіставалі 13 697 хворых на COVID-19 і пазабальнічныя пнеўманіі. Зарэгістраваных інфікаваных каранавірусам у Дагестане — толькі 3280 чалавек.

Міністр прызнаў, што такая разбежка звязаная з недастатковым і недакладным тэставаннем.

Міністр расказаў, што ў Дагестане ад пнеўманіі і каранавіруса памерлі больш за 40 медыкаў.

Чытайце таксама: «Усё пачыналася як звычайная прастуда». Памёр 35-гадовы мінчук, на «карону» перахварэла ўся яго сям'я

Насельніцтва Дагестана складае 3,1 мільёна чалавек. 

Прызнанне дагестанскага міністра паказвае, наколькі бывае недаацэненай сур'ёзнасць сітуацыі з COVID-19 праз хаванне статыстыкі.

Учора губернатар Пецярбурга прызнаў, што павышаная смяротнасць ад пнеўманій у горадзе ў 10 разоў перавышае афіцыйную смяротнасць ад каранавіруса.

Раней журналісты выявілі, што смяротнасць у Маскве ў сакавіку-красавіку перавысіла сярэднюю за мінулыя гады на 1800 чалавек.

Асноўная частка пазабальнічных пнеўманій цяпер ва ўсіх краінах, дзе эпідэмія, — кавідныя. Звычайныя лічбы пнеўманій у гэты перыяд года ў дзясяткі разоў ніжэйшыя.

З даследаванняў навукоўцаў вядома, што менш чым у 20% хворых на каранавірус развіваецца пнеўманія. Рэальная колькасць носьбітаў каранавіруса прыкладна ў 6—7 разоў перавышае колькасць пнеўманій.

Статыстыка захворвання на пнеўманіі ў Беларусі дагэтуль хаваецца. Толькі ў Віцебскай вобласці мясцовыя ўлады расказалі, што за красавік там зарэгістравана каля 5000 вірусных пнеўманій.

Афіцыйныя лічбы смерцяў ад каранавіруса ў Расіі ніжэйшыя, чым у еўрапейскіх краінах, нават самых паспяховых у змаганні з пандэміяй. Па афіцыйных звестках, у Расіі ад COVID-19 памерла больш за 2500 чалавек. Прызнанні ўладаў Пецярбурга і Дагестана паказваюць, што рэальныя лічбы смяротнасці, нават нягледзячы на каранцінныя меры і адмену працоўных дзён на больш чым месяц, у Расіі могуць у дзясяткі разоў перавышаць афіцыйна абвешчаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?