19.05.2020 / 18:05

Як пацан з нешчаслівай сям'і стаў найлепшым нападаючым Беларусі. Гісторыя жыцця Віталя Лісаковіча і ВІДЭА яго галоў 7

На выходных футбаліст салігорскага «Шахцёра» Віталь Лісаковіч адзначыўся галявой перадачай і забітым мячом, які стаў шостым у гэтым сезоне. Проста зараз 22-гадовы Лісаковіч — адназначна найлепшы беларускіх нападаючы. І дакладна самы заўважны, дзякуючы нестандартнай тэхніцы і мноству татуіровак.

У кар'еры і жыцці маладога футбаліста хапала драм, якія ледзь не перашкодзілі яму раскрыць свой талент. Расказваем гісторыю 88-га нумара «Шахцёра».

Пра Віталя Лісаковіча пачалі актыўна казаць увесну 2016 года пасля гульні за суперкубак. Тагачасны трэнер «Шахцёра» Сяргей Нікіфарэнка ў другім тайме не пабаяўся выпусціць у матчы супраць БАТЭ 18-гадовага юнака, які адразу пачаў тэрарызаваць абарону барысаўцаў.

«Гарнякі» той матч прайгралі, але Лісаковіча журналісты назвалі самым таленавітым гульцом «Шахцёра» за апошняе дзесяцігоддзе, а сам форвард атрымаў запрашэнне ў моладзевую зборную.

Характар, які загартоўваўся на вуліцы

Віталь Лісаковіч у матчы за суперкубак 2016 года.

Пра дзяцінства футбаліста вядома няшмат. Віталь нарадзіўся ў Мінску, але ў 4 гады разам з малодшымі братамі Дзмітрыем і Русланам пераехаў ва Узду да бабулі з дзядулем. Маці хлопцаў памерла, а бацька часта трапляў за краты.

Ва Уздзе Лісаковічы і пачалі займацца футболам, пайшоўшы па слядах бацькі і дзеда, якія гулялі на аматарскім узроўні. Віталь днямі знікаў на вуліцы, дзе загартоўваўся ягоны характар. Каб зарабіць аўтарытэт у двары, часам трэба было пускаць у ход і кулакі. Кажуць, што неяк хлопец нават трапляў у міліцыю.

У 2011 годзе на турніры раённых ДзЮСШ уздзенскіх хлопцаў заўважылі прадстаўнікі «Шахцёра». Асабліва функцыянераў уразіла гульня старэйшага з братоў, якога адразу запрасілі ў Салігорск. Праз некаторы час ў школу «гарнякоў» перабраліся і малодшыя.

Выхаванне дарослым футболам

Характар юнака нікуды не падзеўся і пасля пераходу ў дарослы футбол. Падчас трэніровак з асновай Віталь мог паслаць на тры літары гульца, старэйшага за сябе. 

За перавыхаванне Лісаковіча спрабавалі брацца дасведчаныя футбалісты, але праз некаторы час кідалі, бо нічога не атрымлівалася. 

Пасля яскравага дэбюту юнак працягваў гуляць у асноўным складзе «Шахцёра», а заўзятары каманды тры разы запар прызнавалі Лісаковіча найлепшым гульцом месяца.

Але ў маі 2016-га ў футбаліста пачаліся праблемы з каленам, праз якія ён прапусціў тры месяцы і не згуляў у моладзевай зборнай.

З лячэння пачаўся і другі сезон нападаючага ў дарослым футболе: у сакавіку 2017-га яму зрабілі аперацыю на пахвінных кольцах. У строй Віталь змог вярнуцца праз два месяцы і стаў наймаладзейшым аўтарам гола ў фіналах кубка Беларусі. Але гэта не дапамагло «Шахцёру» ўзяць трафей.

Прыгоды з «маладзёжкай»

Лісаковіч атрымліваў стабільную практыку ў клубе, але з выклікамі ў зборную пастаянна здараліся прыгоды. Дэбютаваўшы за «маладзёжку» у кастрычніку 2016-га, наступную гульню за зборную форвард правёў толькі праз два гады.

Віталь прыязджаў на зборы, але банальна не мог гуляць. Пра сітуацыю з нападаючым «Шахцёра» выказаўся трэнер «маладзёжкі» Людас Румбуціс: «Калі чалавек не можа, калі ў яго нешта баліць, ты ж яго не прымусіш гуляць. … Ён нас не разумее, і мы яго не разумеем у гэтым плане. Зборная — гэта зборная. Усе гульцы імкнуцца выступаць за нацыянальную каманду. І ўгаворваць мы нікога не будзем. Чалавек сам сабе гаспадар. Калі ён хоча расці як футбаліст, ён павінен гуляць за зборную. Калі ён хоча чагосьці іншага, то гэта яго праблемы».

Часам здараліся камічныя сітуацыі. У верасні 2017-га Лісаковіч не змог прыехаць на матчы «маладзёжкі» з-за траўмы рукі. Аказалася, што пасля прайгранай гульні супраць БАТЭ форвард быў настолькі злым, што пачаў ламаць мэблю і атрымаў пералом кісці.

Харвацкія сезоны

Зразумела, што талент беларуса не мог застацца не заўважаным еўрапейскімі камандамі. Лісаковіча сваталі ў бельгійскі «Стандард», але ў студзені 2018-га форвард апынуўся ў заграбскім «Дынама». 

Меркавалася, што харвацкі топ-клуб, які вельмі добра ўмее працаваць з маладымі гульцамі, зможа раскрыць і талент беларуса. Але з-за праблем са здароўем ён не змог сябе праявіць у Заграбе: толькі 11 матчаў у дублюючай камандзе «Дынама», якая гуляла ў другой харвацкай лізе.

Вядома, пра працяг арэнды не магло ісці гаворкі. Лісаковіч вярнуўся ў Салігорск, далечваў свае балячкі і рыхтаваўся да вяртання на поле пад кіраўніцтвам Сяргея Ташуева.

Расійскі трэнер «Шахцёра» спрабаваў знайсці падыход да складанага характару форварда, але так і не здолеў зрабіць гэтага. У выніку ў чэмпіянаце-2018 Лісаковіч правёў усяго 23 хвіліны ў двух матчах.

У наступную міжсезонку маладога форварда не ўзялі на замежныя зборы з асновай «Шахцёра», пакінуўшы трэніравацца з дублем. Ташуеў прапанаваў гульцу разабрацца ў сабе і пачаць глядзець на футбол больш сур'ёзна. Таксама з'явіліся размовы пра пераход у брэсцкае «Дынама».

Але ў выніку Лісаковіч зноў апынуўся ў Харватыі — беларуса на паўгода арандаваў аўтсайдар «Рудзеш». У гэтай камандзе форвард правёў 14 матчаў і забіў чатыры мячы. 

Калі ў ліпені Лісаковіч вярнуўся ў Салігорск, там на яго не разлічвалі. Таму ён зноў адправіўся па вядомым маршруце — на гэты раз у каманду «Вараждзін».

Форвард зборнай на бязрыб'і

У апошні час беларускі футбол востра адчувае дэфіцыт забіўных нападаючых. З 2008 па 2019 год у чэмпіянаце найлепшы бамбардзір не мог забіць больш за 15 мячоў.

Летась узышла зорка Іллі Шкурына, які змог адзначыцца 19 галамі ў вышэйшай лізе. Але праз канфлікт з галоўным трэнерам «нацыяналкі» Міхаілам Мархелем форвард «Энергетыка» прынцыпова не выклікаўся ў зборную.

Замест аднаго нападаючага са складаным характарам Мархель выклікаў у галоўную каманду краіны іншага — Віталя Лісаковіча, з якім быў добра знаёмы па працы ва юніёрскай і моладзевай зборных. Гулец «Вараждзіна» дэбютаваў у зборнай 10 кастрычніка 2019 года, выйшаўшы на замену ў матчы супраць Эстоніі. 

Пасля Лісаковіч з'яўляўся ў форме зборнай у адборачным матчы з Германіяй, а таксама ў спарынгах з Чарнагорыяй, Узбекістанам і Балгарыяй.

З'яўленне ў «нацыяналцы» гульца, якога заўзятары амаль згубілі з радараў, выклікала ў іх шмат пытанняў. Тым больш статыстыка форварда ў Харватыі была незайздроснай. Але стан спраў у нашым футболе такі, што і Лісаковіч атрымаў свой шанец у галоўнай камандзе краіны.

На рахунку нападаючага пакуль няма галоў, але дзякуючы тэхніцы Лісаковіча складана не заўважыць. Часам складвалася ўражанне, што ён на поле ледзь не адзіны, каму нешта трэба. Пакуль астатнія гульцы зборнай Беларусі павольна перасоўваліся па газоне, Лісаковіч штурхаўся з абаронцамі саперніка, спрабуючы адабраць мяч. 

Трэці раз на шчасце

Мінулай восенню ў «Шахцёр» замест Сяргея Ташуева прыйшоў Юрый Вернідуб. Форвард датэрмінова вярнуўся з арэнды ў Харватыі, якая мусіла скончыцца толькі сёлета.

Зімой пісалі, што Лісаковіч спрабаваў свае сілы ў расійскім «Урале» і што быў блізкі да пераходу ў «Астану», але ў выніку вырашыў паспрабаваць у трэці раз загуляць у родным клубе.

Украінскі трэнер «Шахцёра» адзначыў, што ўсё ў руках маладога гульца і што пры належным стаўленні да трэніровак і да сябе ён можа стаць моцным футбалістам.

Зімой склад «Шахцёра» пакінулі канкурэнты Лісаковіча па пазіцыі: Мікалай Януш, Уладзімір Хвашчынскі і Іон Нікалаеску, таму не дзіўна, што Віталь з'явіўся на полі ўжо ў першай гульні ў сезоне — супраць брэсцкага «Дынама» за суперкубак.

У першых матчах Вернідуб выкарыстоўваў маладога футбаліста ў якасці гульца лаўкі. Але нездавальняючыя вынікі «Шахцёра» запатрабавалі змен, і ў першай жа гульні ў стартавым складзе Лісаковіч адзначыўся голам у вароты «Дынама-Брэст».

Праз тры дні «гарнякі» зноў гулялі з берасцейцамі, але цяпер у кубку. «Шахцёру» трэба было адгуляцца з ліку 0:2. 

Лісаковіч у гэтым матчы зноў выйшаў у старце і адзначыўся двойчы: спачатку зрабіў лік 2:2, а потым вывеў «Шахцёр» наперад з пенальці. У выніку салігорцы змаглі перамагчы, але саступілі пуцёўку ў фінал з-за правіла гасцявых галоў — 4:2.

У наступным матчы супраць «Іслачы» Лісаковіч зноў адзначыўся дублем. У выніку «Шахцёр» перамог з лікам 4:0.

Другі гол атрымаўся асабліва прыгожым:

У апошняй гульні супраць «Славіі» нападаючы таксама адзначыўся прыгожым забітым мячом:

Цяпер атаку салігорцаў складана ўявіць сябе без Лісаковіча, а 22-гадовы нападаючы стаў самым яскравым беларускім форвардам, які не баіцца браць гульню на сябе і згуляць нестандартна. Поспех свайго падначаленага Юрый Вернідуб аналізуе проста: не навязваць яму тое, што не трэба навязваць. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Піліп Каваленка, фота ФК «Шахцёр» і АБФФ

2
Юрый К / Адказаць
19.05.2020 / 18:42
Гэты хлопец для нашай зборнай, штопраўда, на вагу золата. Ён калібру А. Глеба і Бялькевіча. Толькі б не заміналі пазафутбольныя справы.
20
Vitali / Адказаць
19.05.2020 / 18:57
У хлопца куля ў галаве. Нічога путнага з яго не выйдзе. Навошта яго піярыць? Паглядзім праз год дзе ён будзе і кім ён будзе.
4
Kultura movy_2020 / Адказаць
19.05.2020 / 19:17
Няма ў беларускай мове дзеяпрыметніка “нападаючы”. Можна замяніць назоўнікам нападнік.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру