З 26 сакавіка па 2 красавіка пагоршыўся стан атмасфернага паветра ў Мінску. Пра гэта сведчаць звесткі Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Так, сярэднясутачныя канцэнтрацыі цвёрдых часцінак РМ‑10 у раёне вуліцы Радыяльная амаль штодзённа перавышалі гігіенічны нарматыў. Максімальная сярэднясутачная канцэнтрацыя гэтых часцінак 1 красавіка перавышала дапушчальны ўзровень у 1,9 разу. У раёне вуліцы Ціміразева сярэднясутачныя канцэнтрацыі цвёрдых часцінак РМ‑10 у асобныя дні перавышалі дапушчальны ўзровень у 1,2 разу. Вечарам 1 красавіка ў гэтым жа раёне адзначана рэзкае павелічэнне ўтрымання ў паветры аксіду вугляроду. Яго максімальная канцэнтрацыя ў 5,3 разу перавысіла дапушчальную. 30 сакавіка ў 19.00 у раёне вуліцы Судмаліса было зафіксавана перавышэнне канцэнтрацыі дыаксіду азоту ў 1,1 разу, у раёне вуліцы М.Багдановіча — перавышэнне дапушчальнага ўзроўню фармальдэгіду ў 1,3 разу.

На 2 красавіка магутнасць дозы гама‑выпраменьвання ў Мінску, Брэсце, Гродне складала 0,10 мкЗв/гадз (10 мкР/гадз), Магілёве — 0,11 мкЗв/гадз (11 мкР/гадз), Віцебску — 0,12 мкЗв/гадз (12 мкР/гадз), Гомелі — 0,13 мкЗв/гадз (13 мкР/гадз). Гэта адпавядае ўстаноўленым шматгадовым узроўням.

Як і раней, больш высокія значэнні магутнасці дозы гама‑выпраменьвання захоўваюцца ў пунктах пастаяннага кантролю, што размешчаны ў зонах павышанага радыеактыўнага забруджання: Брагін — 0,60 мкЗв/гадз (60 мкР/гадз), Нароўля — 0,51 мкЗв/гадз (51 мкР/гадз), Чачэрск — 0,24 мкЗв/гадз (24 мкР/гадз), Хойнікі — 0,23 мкЗв/гадз (23 мкР/гадз), Слаўгарад — 0,22 мкЗв/гадз (22 мкР/гадз).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0