ВПС ЗША паспяхова запусцілі ракету-носьбіт Atlas V з касмапланам X-37B, прызначаным для сакрэтнай місіі, піша bbc.com.

Ракета стартавала з базы ВПС ЗША на мысе Канаверал.

Касмаплан выведзе на арбіту спадарожнік і выпрабуе ў космасе тэхналогію пераўтварэння сонечнай энергіі.

Гэта ўжо шостая місія беспілотнага арбітальнага самалёта.

X-37B — сакрэтная амерыканская праграма выпрабаванняў, пра яе вядома вельмі мала.

«У гэтай місіі X-37B будзе праведзена больш эксперыментаў, чым у любых іншых папярэдніх місіях», — паведаміла ў пачатку мая міністр вайскова-паветраных сіл ЗША Барбара Барэт.

Падчас аднаго з эксперыментаў будзе выпрабаваны ўплыў радыяцыі на насенне і іншыя матэрыялы.

Праграма X-37B стартавала ў 1999 годзе. Самалёт нагадвае паменшаную версію пілатаваных касмічных караблёў, якія былі выведзеныя з эксплуатацыі касмічнай праграмай ЗША ў 2011 годзе. Ён можа, плануючы, зніжацца з верхніх слаёў атмасферы і прызямляцца на ўзлётна-пасадачную паласу, як шатл.

Арбітальны беспілотны самалёт, пабудаваны кампаніяй Boeing, выкарыстоўвае сонечныя батарэі для сілкавання на арбіце, яго даўжыня складае больш за 9 м, размах крылаў амаль 4,5 м, а важыць ён амаль 5 тон. 

Першая місія адбылася ў красавіку 2010 года і працягвалася восем месяцаў. Апошняя завяршылася ў кастрычніку 2019 года, пасля 780 дзён на арбіце, у выніку чаго агульны час знаходжання самалёта ў космасе перавысіў сем гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0