Больш за дзве тысячы чалавек паглядзелі прэм’еру трагікамедыі «Профіт» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў жывым эфіры відэасэрвісу VOKA. Каб змясціць такую колькасць людзей у зале РТБД, спатрэбілася б арганізаваць не менш за дзесяць аншлагавых паказаў.

«Профіт» — сучасная інтэрпрэтацыя «Даходнага месца» Аляксандра Астроўскага. Адмыслова для пастаноўкі на сцэне РТБД класічны тэкст быў перакладзены на беларускую мову, а рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў радыкальна перарабіў некаторыя сцэны і ўвёў у дзеянне новага персанажа. І калі ў XIX стагоддзі героі знакамітай п'есы гаварылі пра выгаду і прыбытак, то на фоне падзей XXI стагоддзя іх цікавяць ужо профіты, якія можа даць добрая праца і грашовая пасада.

Ролю галоўнага героя, сумленнага ідэаліста Жадава, занятага пошукам месца, дзе на жыццё можна было б зарабляць сумленна, у спектаклі выканаў Арцём Курань. Вобраз яго антаганіста — прагматычнага кар'ерыста Белагубава — увасобіў Максім Шышко.

Таксама ў спектаклі задзейнічаныя заслужаныя артысты Беларусі Людміла Сідаркевіч і Валянцін Салаўёў, Ганна Семяняка, Максім Брагінец, Гражына Быкава, Андрэй Дабравольскі, Наталля Халадовіч, Мікалай Стонька.

Прэм’ера мусіла адбыцца яшчэ ў красавіку ў традыцыйным фармаце, але праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце тэатр быў вымушаны яе адкласці і ўвогуле часова прыпыніць паказы ўсіх спектакляў.

Рэпетыцыі новай пастаноўкі працягваліся дыстанцыйна, і каб не пераносіць прэм’еру яшчэ раз ужо на новы сезон, было вырашана ўсё адно правесці яе, але так, каб артысты і гледачы знаходзіліся на бяспечнай дыстанцыі — у фармаце анлайн-трансляцыі на платформе VOKA.

Дзякуючы гэтаму больш за дзве тысячы чалавек сталі гледачамі першай анлайн-прэм’еры ў РТБД, а шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіла кожнаму з іх максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Трансляцыя на VOKA праводзілася бясплатна і была даступна для прагляду не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?