Грамадская кампанія «Годна» прадстаўляе цыкл відэалікбезаў «Годная Беларусь», першая серыя атрымала назву «Як беларусы сталі народам».

Запланавана 5 серый, у якіх, апроч гісторыі, пералічым беларускія дасягненні на цяперашнім этапе, на падставе грунтоўнага сацыялагічнага даследавання ў простай і нагляднай форме пакажам, як беларусы ўспрымаюць самі сябе, раскажам пра дасягненні выбітных беларусаў на радзіме і за мяжой, а таксама падумаем над нашай будучыняй.

Мы паспрабуем адказаць на два галоўныя пытанні: чым мы можам ганарыцца і што можам зрабіць яшчэ лепш, каб гэта было годна?

Распавядае каардынатар грамадскай кампаніі «Годна» Павел Белавус:

— Серыял «Годная Беларусь» — гэта адзін з першых сур’ёзных праектаў кампаніі, які мы робім разам са студыяй «Enot TV» у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Далей будзе больш, і мы хочам, каб да кампаніі са сваімі ідэямі і прадуктамі далучалася ўсё новыя і новыя як камерцыйныя, так і некамерцыйныя арганізацыі.

Магу адзначыць, што ўжо цяпер сумесна з «Будзьма беларусамі!» і даследчым цэнтрам Satio стартавала агульнанацыянальнае сацыялагічнае даследаванне па тэме беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і свядомасці, летам плануем прэзентаваць першыя вынікі гэтай маштабнай працы.

Паралельна ідзе праца над кнігамі: нацыянальная ідэя Беларусі «Годна» — сумесна з BISS, «Ідэя X» — сумесна з «Еўрарадыё», зборнік беларускамоўных коміксаў «Годна-неверагодна» — сумесна з «Нашай Нівай».

У гэтым месяцы мы працягнем акцыю «Трымайся Годна»: усе ахвотныя змогуць бясплатна атрымаць стыкеры, плакаты, значкі, маскі, магніты і іншыя рэчы з лагатыпам кампаніі; распачнём музычны марафон «Спяваем Годна» — разам з Сержуком Доўгушавым і запрошанымі музыкамі паспрабуем разам у анлайн-фармаце паспяваць папулярныя беларускія песні; «Арт Сядзіба» рыхтуе анлайн-фестываль і вечаровае анлайн-шоу «Годны кантэнт».

Адразу пасля сканчэння эпідэміі каранавіруса мы пачнём падрыхтоўку форуму «Нацыянальная ідэя Беларусі», творчага конкурсу і фестывалю «Годна», моладзевай школы «З Годна», бізнэс-форуму «Так, Годна!» ды іншых цікавых праектаў.

Падрабязней пра кампанію і яе праекты можна даведацца ў серыі ролікаў на YouTube-канале «Годна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0