Устаноўчая канферэнцыя Сацыял-дэмакратычнай партыі «Свабода» адбудзецца ў верасні.
Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі Сяргей Скрабец.
«Два вясновыя месяцы і лета аргкамітэт будзе працаваць у рэгіёнах і ў Мінску, каб на момант правядзення ўстаноўчай канферэнцыі ў партыі было прыблізна 1,5 тыс. чалавек», — паведаміў ён.
Паводле слоў С.Скрабца, на наступным тыдні аргкамітэт партыі будзе хадайнічаць аб сваім уваходжанні ў Еўрапейскую кааліцыю.
У яе цяпер уваходзяць аргкамітэты па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама зарэгістраванае ў Чэхіі маладзёжнае аб'яднанне «Малады фронт».
Палітык паведаміў, што ў рэгіёнах партыю прадстаўляюць людзі малавядомыя. «Мы не пераманьваем актывістаў з іншых партый або вядомых палітыкаў. Мы робім стаўку на прадстаўнікоў моладзі і бізнесу», — сказаў ён.
С.Скрабец зазначыў, што партыя незалежна ад таго, будзе яна зарэгістравана ці не, возьме ўдзел у чарговых прэзідэнцкіх выбарах. «На пачатак выбарчай кампаніі мы разлічваем сабраць тысячу актыўных чалавек, якія былі б навучаныя збору подпісаў. Адзін чалавек 100 подпісаў сабраць за месяц здолее. Таму разлічваем сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты», — сказаў ён.
Нагадаем, у пачатку сакавіка С.Скрабец заявіў пра выхад з Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч.«Калі людзі не знаходзяць агульнай мовы, ім лепш разысціся. У мяне рознагалоссі з Шушкевічам як у тургенеўскіх «Бацьках і дзецях». Са мной у партыю прыйшла група маладых. Мы жадалі больш актыўнай, я б нават сказаў экстрэмальнай працы, але асцярожная і пасіўная пазіцыя кіраўніцтва партыі па парламенцкіх выбарах, па будучых прэзідэнцкіх выбарах, па міжнароднай працы нас не задавальняла», — пракаментаваў палітык сваё рашэнне.