Сцяпан Браско жыў у пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна, а на працу ў сельсавет ездзіў у Субачы, што за 20 кіламетраў.

Прастудныя прыкметы ў мужчыны з’явіліся 29 красавіка. Стан вельмі рэзка пагаршаўся, таму выклікалі хуткую, пра гэта «НН» расказала ягоная жонка Ларыса.

«Яго амаль адразу ў рэанімацыю забралі — 60% лёгкіх было пашкоджана. Моцная тэмпература трымалася», — расказвае ўдава.

Па яе словах, тэст на каранавірус у Сцяпана Браско быў станоўчы. У самой жанчыны таксама быў дыягнаставаны COVID-19, яна таксама ляжала ў ваўкавыскай бальніцы.

«У мяне лягчэй было, толькі 20% лёгкіх былі пашкоджаныя. Мяне выпісалі ў дзень пахавання Сцяпана — 15 мая», — кажа спадарыня Ларыса. На развітанні з мужчынам труну не адчынялі.

Адкуль сямейная пара магла заразіцца каранавірусам? «Не ведаем, ці я яму прынесла, ці ён мне. У нас у школе, дзе я працую, ёсць хворая на каранавірус. А ў яго ў Субачах участковы бессімптомна захварэў, і ўся сям’я ягоная. Адкуль заўгодна магло быць. Не сказаць, што ў нас у Росі шмат хворых, але ёсць», — гаворыць Ларыса Георгіеўна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?