Прэм'ер-міністр Эстоніі Юры Ратас распавёў, што падчас надзвычайнага становішча вымушаны быў жыць асобна ад сваёй сям'і, піша Delfi са спасылкай на Eesti Ekspress.

Юры Ратас, фота Priit Simson, Eesti Express

«Сам я каранавіруса не баяўся, але ў мэтах абароны сям'і вырашыў прыкладна на чатыры тыдні з'ехаць з дома. Мая мама часова пераехала да нас, а я — у бацькоўскі дом у Ныме [раён на поўдні Таліна — НН]. Трое маіх старэйшых дзяцей наведваюць школу. Дыстанцыйнае навучанне і ўсе хатнія справы — гэта тое, у чым мая мама можа дапамагчы больш, чым я, працуючы з самай раніцы да позняга вечара. Было ясна, што патэнцыйна я магу заразіцца вірусам, паколькі я непазбежна кантактую з мноствам людзей. Што да маёй мамы, то яна адносіцца да групы рызыкі, і гэта было правільным рашэннем», — распавядае 41-гадовы прэм'ер.

Ён адзначае, у Доме Стэнбока [рэзідэнцыя ўрада] ён ні разу ў прамым сэнсе не начаваў, але бывала, што паміж сыходам і вяртаннем праходзіла ўсяго некалькі гадзін. «Я не скарджуся, проста гэта быў рэальны тэмп працы. Насамрэч гэта было складана. Але мы справіліся».

«Тры разы на тыдзень я прыносіў ім дадому прадукты, пакідаў сумку за дзвярыма. Мы не кантактавалі. Я глядзеў на дзяцей [іх у Ратаса чацвёра], жонку і маму праз акно.

Гэта было выдатна! Самаму малодшаму майму дзіцяці год і восем месяцаў, і ў нейкі момант ён стаў адыходзіць, не разумеючы, чаму тата за акном, а не з імі. Мы махалі адзін аднаму. Кантакты з Карын [жонкай] і дзецьмі адбывалася з дапамогай відэасувязі. Тэсту на каранавірус мне рабіць не прыйшлося. Я ўжываў шмат вітаміну С і D, узмоцнена налягаў на імбір і часнык», - працягвае кіраўнік урада.

«Калі казаць пра бацьку, то апошнія два месяцы ў доме па доглядзе для яго былі вельмі складанымі. Яго сітуацыя звязаная не з COVID-19, а з іншымі спадарожнымі захворваннямі. Аднойчы позна ўвечары мне патэлефанавалі з бальніцы і прапанавалі прыехаць наведаць бацьку, паколькі яго стан рэзка пагоршыўся. Але я быў далёка і не змог паехаць. На шчасце, да раніцы яму стала лепш. Цяпер самыя ўразлівыя месцы ў Эстоніі — гэта менавіта дамы па доглядзе старых. Калі каранавірус прабярэцца туды, для многіх гэта можа азначаць смерць».

Прэм'ер-міністр прызнае, што не ўсе прынятыя ўрадам рашэнні былі вернымі: «Напрыклад, тое, што мы далі прыватнаму сектару яшчэ некалькі дзён на закрыццё бізнесу. Гэта было няправільна, таму што яны выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб зладзіць распродажы. Тое ж самае з масавымі мерапрыемствамі, якім нам варта было б сказаць катэгарычнае «не». Так, мерапрыемстваў на востраве Саарэмаа [там адбылася моцная ўспышка] магло б не быць. Ясна і тое, што сродкаў індывідуальнай абароны ў нас павінна быць больш. Мы вельмі ўдзячныя эстонскім прадпрыемствам, якія адкарэктавалі свае вытворчыя цыклы і прыйшлі на дапамогу».

«Цяпер я пераехаў назад дадому, але мама застанецца ў нас да заканчэння навучальнага года. Апошнія тыдні я дабіраўся да працы альбо бегам, альбо на ровары.

Дзякуй богу, усё горшае на гэты раз ззаду. Дзякуючы той працы, што выконвалася на перадавой: медыцыне, сацыяльнай сферы, дэпартаменту паліцыі і памежнай ахове, выратавальным дэпартаментам, сілах абароны, самаабароны, мясцовага самакіравання, школам, рэдакцыям СМІ, — гарантаваліся наша бяспека і падтрымлівалася надзея. Так, грамадства ўзяло сябе ў рукі, і ад усведамлення гэтага — мурашкі па скуры. Сур'ёзна!»

***

Эстонія адной з першых краін у Еўропе ўвялі строгія меры: закрыла мяжу з Латвіяй і Расіяй, паромнае злучэнне з Фінляндыяй, закрыла авіяпрастору, закрыла школы. У краіне падрабязна паведамлялася статыстыка па хворых, а міністр сацыяльных спраў Танель Кійк ледзь не кожны дзень ладзіў прэс-канферэнцыі.

На мінулым тыдні Эстонія заявіла, што выходзіць з каранавіруса, адкрывае мяжу з Латвіяй і вяртае авіярэйсы. 19 мая там стартаваў футбольны чэмпіянат.

За ўвесь там захварэў 1791 чалавек, з 1 мая кожны дзень колькасць новых выпадкаў менш за 10. За ўвесь час памерлі 64 чалавекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0