Алена Грынцевіч з Гродна — маці пяці дзяцей. У бальніцу з каранавірусам яны патрапілі ўсёй сям'ёй. Муж амаль тыдзень правёў у рэанімацыі, а сама жанчына пасля хваробы стала донарам плазмы. Яна падзялілася сваёй гісторыяй — пра сімптомы, бальнічны быт і аднаўленне пасля віруса, які нават 30-гадовымі можа цяжка пераносіцца.

Фота з Instagram Алены

«Кідала ў холад, мышцы выкручвала, балюча было нават глядзець наперад»

Першым захварэў муж. Гэта было 2 красавіка. Спачатку лёгкае недамаганне і часты сухі кашаль. У наступныя дні дадалася ламота ў мышцах і слабасць, пот ліўся ручаём, балелі вочы. Тэмпература падскоквала да 38,5-39,5 градуса — парацэтамол яе амаль не збіваў. Мужчына звяртаўся да доктара — аналізы і рэнтген лёгкіх ідэальныя. Але бальнічны выдалі.

5 красавіка падобныя сімптомы з’явіліся і ў Алены.

«Пачала балець спіна, кідала ў холад. Пасля дадаўся мышачны боль па ўсім целе. Суставы, косткі, мышцы выкручвала, як пры грыпе. Градуснік паказваў 37,3. Моцна балелі вочныя яблыкі (так, што балюча было нават глядзець наперад) і галава (амаль пастаянна, звычайныя абязбольваючыя не дапамагалі).

Балела горла. Тэмпература павышалася два дні. Я яе збівала, бо адчувала сябе як ніколі жахліва», — апісвае свой стан жанчына.

Пасля хварэць пачалі дзеці. Але ў даволі лёгкай форме. Сімптомы трымаліся толькі пару дзён — ламала ў целе, балела галава і горла. У некаторых нават тэмпературы не было.

«Звычайна ўсе нашы дзеці хварэюць па коле, таму мяне гэта асабліва не здзівіла. Да педыятра не звярталіся — не бачыла неабходнасці. Дзеці шмат пілі, паласкалі горла. Пастаянна праветрывалі памяшканне», — дзеліцца маці.

Яна думала, што справа ў звычайным грыпе, але на ўсякі выпадак самаізалявалася з сям’ёй.

Здавалася, і ў мужа хвароба заціхла, ён стаў адчуваць сябе лепш. А потым сімптомы ўзмацніліся. На прыёме доктар паслухаў лёгкія — чыста. Насцярожыла чырвонае горла, падумалі, што ангіна — карціна была падобная.

Аднак на наступны дзень, 10 красавіка, мужу стала істотна горш — тая ж высокая тэмпература, якая збівалася толькі на пару гадзін, кашаль, слабасць. Сям’я вырашыла, што цягнуць нельга. Мужчыну забралі ў бальніцу, адразу зрабілі аналізы і ўзялі мазок на «карону».

«Праз некаторы час ён тэлефануе і кажа, што яго кладуць у рэанімацыю. Двухбаковая пнеўманія сярэдняй цяжкасці. Каронная пнеўманія часта паражае два лёгкія ў розных сегментах — так было і ў яго», — расказвае Алена.

Мужчына правёў у рэанімацыі пяць дзён.

«Ён быў без тэлефона — забралі, нельга. Інфармацыю пра стан даведваліся на посце. Увесь дзень ляжыш пад коўдрай без адзення, уставаць нельга, атрымліваеш лячэнне. Я тэлефанавала ў бальніцу і прасіла перадаць, што ў мяне і дзяцей усё добра. Ад безвыходнасці пісала мужу ў вайберы, як у нас справы, хоць ведала, што не адкажа, але так было лягчэй», — успамінае Алена.

Перадачы мужу яна прасіла адвозіць суседзяў ці сяброў. Варыла суп, складала посуд у пакет, залівала яго антысептыкам і выстаўляла на лесвічную пляцоўку — каб мінімізаваць кантакты. 

15 красавіка прыйшоў станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Мужчыну перавялі ў звычайную палату (паўторны рэнтген паказаў, што пнеўманія рассмоктваецца, арганізм адразу адрэагаваў на лячэнне) і працягнулі тэрапію — два антыбіётыкі ўводзілі праз кропельніцу.

Праз два дні да яго ў палату пераехала сям’я — ва ўсіх, апроч аднаго дзіцяці, пацвердзілася «карона».

«Але думаю, што ён таксама хварэў. Ён плывец, імунітэт добра працуе. Напэўна, вірус хутка пакінуў яго», — спрабуе знайсці тлумачэнне Алена.

«Наш бокс быў вялікі, з асобным ванным пакоем»

Сям’я ляжала ў Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы.

«Наш бокс быў дастаткова вялікі, з асобным ванным пакоем. Раніца пачыналася ў 6:30 з вымярэння тэмпературы і кіслароду. Тэмпературу трэба было мераць кожныя тры гадзіны, кісларод правяралі 2-3 разы на суткі. Таксама раніцай бралі аналізы з вены», — расказвае пра бальнічныя будні Алена.

Санвузел у боксе

Кармілі 4 разы. У рацыёне — кашы, супы, бульба, мяса, тварог, кісялі. Ежу ставілі ў спецыяльныя шафкі, якія знаходзяцца не ў самім боксе, а ў «прылазніку». Шафка адчыняецца з двух бакоў, каб медперсанал і пацыенты маглі не кантактаваць напрамую. Уся ежа ў аднаразовым посудзе.

Шафка для ежы

«За межы бокса выходзіць нельга. Калі нешта трэба, каля стала ёсць радыёсувязь. Таксама каля двух ложкаў былі трывожныя кнопкі — сігнал раздасца на посце і прыйдзе медсястра, — дзеліцца жанчына. — На калідоры амаль заўсёды працаваў кварц, у боксе яго ўключалі на некалькі гадзін. Санітарак мы амаль не бачылі — я адразу сказала, што падлогу буду мыць сама некалькі разоў на дзень. Ды і навошта ім у гэтых касцюмах парыцца? Толькі смецце забіралі».

Дзеці былі проста пад назіраннем медыкаў — яны добра сябе адчувалі, не было сімптомаў, якія трэба было б лячыць. Алене давалі антыбіётыкі (яна пачыналі іх піць яшчэ да шпіталізацыі) — флюараграфія паказала, што ў яе бранхіт.

Кажа, ім пашанцавала: бальніца тады не была забіта, і дактары ставіліся да іх вельмі ўважліва.

Агулам жанчына хварэла 20 дзён, яе муж — 40.

«За 15 год, што мы знаёмы, ён ніколі так цяжка не хварэў», — заўважае Алена.

«Арганізм, які вынасіў пяцёра дзяцей, не мог падвесці»

З бальніцы сям’ю выпісалі ў канцы красавіка. Аднаўленне пасля каранавіруса — гэта правільнае харчаванне, умераныя фізічныя нагрузкі, шпацыр на свежым паветры.

«Дактары сказалі, каб вярталіся да звычайнага ладу жыцця. Мужу трэба паўтарыць здымак праз 3 і 6 месяцаў, бо лёгкія зменены», — кажа Алена.

На мінулым тыдні яна стала донарам плазмы.

«Я аказалася носьбітам двух відаў антыцелаў да кавіду: G i M. Гэта дастаткова рэдкая сітуацыя, часцей бывае адзін від антыцелаў ці іх адсутнасць. Як патлумачылі, імунітэт добра спрацаваў. Я верыла ў свой арганізм. Ну не мог ён падвесці, вынасіўшы пяцёра дзяцей і выкарміўшы іх», — смяецца маладая маці.

Забор плазмы займае 30-40 хвілін. Увесь гэты час побач медыкі, якія кантралююць працэс і тваё самаадчуванне. Пасля яшчэ паўгадзіны знаходзішся ў холе пад назіраннем. У Гродне, дарэчы, донараў «антыкаранавіруснай» плазмы бясплатна падвозіць служба таксі.

«Калі ўсё будзе добра, праз два тыдні паўтару працэдуру, — гаворыць Алена. — Мужу пасля пнеўманіі трэба было больш часу на аднаўленне, але сёння ён ужо здаваў кроў на антыцелы. Калі яны ёсць, таксама будзе донарам.

Шчыра, ніколі не думала, што каранавірус можа закрануць мяне, і ставілася да ўсяго рытарычна. У чарговы раз зрабіла высновы і прыняла як урок».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?