У Вярхоўным судзе працягваецца разгляд па справе, у якой фігуруюць былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Андрэй Уцюрын, экс-кіраўнік «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў, кіраўнікі з банкаўскай сферы і група бізнэсменаў. Іх абвінавачваюць у даванні і атрыманні хабараў у буйных памерах пры пастаўках абсталявання для «Белтэлекама» і банкаў. У сераду, 20 мая, дапыталі ў якасці сведкі Сяргея Папкова, які ў 2014—2018 гадах быў міністрам сувязі і інфарматызацыі, а да гэтага ўзначальваў дзяржманаполію «Белтэлекам», піша tut.by.

Суддзю і пракурора цікавілі ўзаемаадносіны Папкова з Уцюрыным і Сівадзедавым, якія былі ў 2014—2015 гадах. Гаворка ішла пра падзеі, што папярэднічалі конкурсу на закупку абсталявання Smart-Zala і пастаўку абаненцкіх прыставак для «Белтэлекама», якія цікавяць суд.

Па словах экс-міністра, які цяпер з'яўляецца пенсіянерам, Уцюрын тэлефанаваў яму па ўрадавай сувязі два разы. Сівадзедаў дапускае, што званкоў магло быць больш.

Званкі Уцюрына пачаліся яшчэ тады, калі той быў на папярэдняй пасадзе — узначальваў Службу бяспекі прэзідэнта Беларусі.

Спачатку сілавік паведаміў, што адна расійская кампанія сумняваецца ў аб'ектыўнасці правядзення «Белтэлекамам» конкурсу на закупку абсталявання. Уцюрын прапанаваў Папкову звярнуць на гэта ўвагу. Той, па яго словах, адказаў, што міністэрства не можа ўмешвацца ў правядзенне конкурсу.

Міністр сувязі пасля «палемікі» з высокапастаўленым сілавіком запрасіў да сябе Сівадзедава і начальніка службы бяспекі «Белтэлекама» Андрэя Насціна, распавёў пра званок Уцюрына і «папрасіў падчас правядзення конкурсу строга выконваць патрабаванні заканадаўства».

Праз «2—3 месяцы» Уцюрын зноў набраў нумар тэлефона тагачаснага міністра. Са слоў Папкова, той, хто тэлефанаваў, казаў аб зацягванні «Белтэлекамам» аплаты за пастаўку абсталявання. Міністр сувязі спытаў пра гэта Сівадзедава. Той адказаў, што ўсё ідзе згодна з зацверджаным графікам. Пра што Папкоў і праінфармаваў Уцюрына. Па словах Сівадзедава, міністр да яго звярнуўся, таму што не хацеў, каб «яму тэлефанавалі з гары яшчэ раз».

Сяргей Папкоў не памятае, ці гучала назва кампаніі «Смартлабс» у размовах з Уцюрыным. Гаворка ішла «аб расійскай кампаніі». Сівадзедаў сцвярджае, што было зразумела, што гэта кампанія «Смартлабс».

Падчас гэтых званкоў Андрэй Уцюрын не загадваў наўпрост пралабіраваць інтарэсы «Смартлабса» на конкурсе, пацвердзіў у судзе Сяргей Папкоў.

Сведка сказаў, што больш ён да гэтай тэмы не вяртаўся.

— Не паступіла ніводнай скаргі. Ні з боку ўдзельнікаў [конкурсу]. Ні з боку кантралюючых органаў — КДБ, МАРГ. Гэта значыць тэндар адбыўся і адбыўся. [Нехта] перамог і перамог. «Белтэлекам» праводзіць сотні конкурсаў. Калі займацца кожным кантрактам, то тады не трэба больш нічым іншым займацца — сказаў былы міністр.

Пракурор пацікавіўся ў Сяргея Папкова, ці не здзівіў яго званок Уцюрына. Маўляў, з чаго гэта раптам начальнік Службы бяспекі прэзідэнта цікавіцца лёсам камерцыйнай структуры на тэндары. «Здзівіў», - адказаў Папкоў. Ён прызнаў, што непасрэдна падпарадкоўваўся прэм'ер-міністру, але «ў той сітуацыі не меў права не адрэагаваць на званок» кіраўніка такога высокага ўзроўню, таму паабяцаў разабрацца. Папкоў у бытнасць гендырэктарам «Белтэлекама» ведаў пра куратарства з боку Рады Бяспекі і Службы бяспекі прэзідэнта, « атрымліваў за подпісам Уцюрына дакументы, звязаныя з пытаннямі бяспекі ахоўных аб'ектаў».

Падчас допыту ў КДБ Сяргей Папкоў паведаміў, што Уцюрын «спакойна, без крыкаў і мацюкоў, псіхалагічна націснуў» на яго. Ён сказаў, што ў выпадку «калі з конкурсам будзе нешта не так, то даложыць кіраўніку дзяржавы».

Міністру сувязі было з-за чаго турбавацца. Андрэй Уцюрын перыядычна ставіў перад ім далікатныя пытанні.

Аднойчы ён скінуў спасылку на матэрыял у «жоўтай прэсе», у якім ішла гаворка пра катэдж Папкова ў Ждановічах, нібыта пабудаваны «на непрацоўныя даходы». Аб тым, што Уцюрын задаваў пытанні пра дом міністра, чуў і Сівадзедаў. Папкоў падчас допыту ў судзе не вельмі ахвотна казаў на гэтую тэму. Са слоў экс-міністра вынікае, што ён не чытае прэсу, катэджа ў яго няма, а «хто хоча, хай пажыве ў катэджы».

Падчас інаўгурацыі прэзідэнта ў 2015 годзе Уцюрын падыходзіў да Папкова і казаў, што «знаёмыя з Расіі наракаюць, што нібыта адзін з намеснікаў міністра сувязі ездзіў за кошт «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» у адпачынак і атрымліваў падарункі». Таму складана канкураваць з гэтай кампаніяй на конкурсах. У той час беларуская «дачка» кітайскай карпарацыі часта перамагала ў тэндарах «Белтэлекама». Былы сілавік сцвярджае, што Папкоў стаяў у атачэнні трох сваіх намеснікаў і ўсе гэта выдатна чулі. Аднак ён не мог успомніць прозвішча чыноўніка, аб якім ішла гаворка. Сяргей Папкоў праз 5 гадоў дапускае, што такая «30-секундная размова» магла быць. Але ён тады «не звярнуў увагі» на гэта, таму што быў засяроджаны «на выкананні задач па суправаджэнні мерапрыемства».

Нагадаем, 10 сакавіка Вярхоўны суд пачаў разглядаць «справу Уцюрына». Пасяджэння праходзяць у памяшканні суда Маскоўскага раёна Мінска. Тут размешчаны адзін з самых вялікіх залаў, які можа змясціць больш за сотню чалавек. Падсудных вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 430 (Атрыманне хабару) і арт. 431 (Даванне хабару). Паводле крымінальнай справы ў хабарнікаў канфіскавана больш за 1,65 млн даляраў, 62 тысячы еўра, больш за 1 кілаграм золата.

Канчатковая сума хабару Андрэя Уцюрына складае 192 тысячы даляраў. А старшыня праўлення ААТ «Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр» Фелікс Каспяровіч і намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка Андрэй Падгорны абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў у агульнай суме не менш за 868 750 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0