Роўна 10 гадоў таму, раніцай 6‑га красавіка 1999 году, памёр вядомы палітык Генадзь Карпенка. Многія і дагэтуль лічаць яго сыход нечаканым і загадкавым.

У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня Карпенку абралі віцэ‑сьпікерам. Ён актыўна ўдзельнічаў у спробе выказаць імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. Пасьля роспуску парлямэнту ў лістападзе 1996 году да самой сьмерці ачольваў «ценявы» урад.

Сёньня на магілу Генадзя Карпенкі прыйдуць ягоныя родныя і блізкія. Іх засталося ўжо няшмат. Бацька і маці, якія перажылі сына, ужо таксама памерлі, і пахаваныя зь ім побач. Жонка і двое дзяцей з прычыны перасьледу і прэсінгу з боку ўлады вымушаныя былі зьехаць у Нямеччыну. Тут яны атрымалі статус палітычных уцекачоў. Застаўся толькі малодшы брат Генадзя Дзьмітрыевіча — Аляксандар ды яго сям’я, якія жывуць у Менску.

На заўтра заплянаваны вечар‑рэквіем па Генадзю Карпенку. Яго рыхтаваў арганізацыйны камітэт, які ачоліў Валер Костка ‑‑ памочнік Карпенкі ў Вярхоўным Савеце і ў Маладзечне, калі Генадзь Дзьмітрыевіч быў мэрам гэтага гораду. Весьці імпрэзу будзе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Яна успамінае:

«Супрацоўнічалі мы ў час нашага фэстывалю беларускай песьні і паэзіі.

І ён запомніўся, па‑першае, як чалавек‑асоба. А потым — як вялікі, моцны і вельмі добры чалавек.
Ён настолькі любіў людзей, асабліва сваіх сяброў, якім ён верыў. І ён заўсёды імкнуўся чымсьці дапамагчы. І я гэта адчувала.

І гэта ня толькі ж было зьвязана ня толькі са мной, калі я працавала на гэтым фэстывалі. А, напрыклад, з тэатральным фэстывалем «Сакавіца». Там ужо нават легенды хадзілі, як ён любіў нашых знакамітых актрыс — Стэфанію Станюту, Аляксандру Клімаву… Ён нікога, з тых хто ўдзельнічаў у гэтых фэстывалях, не адпускаў без падарунка. І не браў для гэтага грошы з гарадзкога бюджэту. Ён імкнуўся раскруціць на гэта прадпрымальнікаў. А Маладзечна было ж першым у Беларусі горадам, дзе прадпрымальніцтва набыло росквіт».

І раней можна было пачуць, што,

калі б Карпенка застаўся жывым, то ён мог стаць сур’ёзнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку.

Так лічыць, напрыклад, Аляксандар Дабравольскі — паплечнік па Вярхоўнаму Савету і Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Безумоўна, Генадзь Карпенка той чалавек, які быў вельмі ўплывовым. І ён безумоўна мог бы паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.
Ён быў вельмі разнастайным чалавекам. Ён быў прадстаўніком вытворчасьці, дырэктарам завода. І яго паважалі людзі, якія кіравалі прадпрыемствамі, якія працавалі ў прамысловасьці. Акрамя таго, Карпенка быў навукоўцам, які і ў гэтым асяродзьдзі карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Уплывалі ягоныя разнастайнасьць, аўтарытэтнасьць, і я б сказаў, дзейнасьць.

Магчыма, Генадзь у чымсьці памыляўся. Але ён быў чалавекам надзейным. І гэта дазваляла яму і тады мець вялікую падтрымку. І я думаю, што калі б ён быў жывы і цяпер, то ў значнай ступені ўплываў бы на сытуацыю ў Беларусі. Магчыма, сытуацыя была б іншай».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0