Запуск ракеты Паўночнай Карэяй ставіць перад Абамам выклік: як рэагаваць на правакацыю таталітарнага рэжыму, як гуляць з тымі, хто гуляе па сваіх правілах. Ад адказу залежаць паводзіны іншых праціўнікаў Захаду.

Нядзельны выступ Абамы ў Празе адбываўся адразу пасля запуску Паўночнай Карэі шматступеньчатай ракеты. Ракета тая на арбіту не вылецела. Гэта не зашкодзіла паўночнакарэйскай прапагандзе цвердзіць, што краіна паспяхова запусціла камічны спадарожнік і ён транслюе гімны ў гонар Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра.

«Гэта правакацыя пацвярджае, што неабходна дзейнічаць, і не толькі на Радзе Бяспекі ААН, якая адбудзецца сёння. Неабходна рашуча супрацьдзейнічаць распаўсюджванню такіх узбраенняў. Правілы мусяць безумоўна выконвацца. Парушэнні правілаў мусяць безумоўна карацца. Прамоўленыя словы не мусяць заставацца толькі словамі», — сказаў Абама у прысутнасці трыццаці тысяч слухачоў у сваім самым рэзкім дагэтуль выступе на замежнапалітычную тэму.

Але што ў рэальнасці можа Амерыка? Нанесці нечаканы ўдар па карэйскіх палігонах? Гэта пярэчыла б лініі Абамы на мультылатэралізм і перавагу дыпламатыі перад ваеннымі сродкамі.

Спыніць пастаўкі прадуктаў і паліва ў Карэю? Кімам да гэтага не прывыкаць.

Выбар сродкаў у ЗША насамрэч абмежаваны.

Абама падкрэсліў, што ўсе нацыі павінны аб’яднацца, каб прымусіць карэйцаў змяніць курс.

Аднак Кітай ухіліўся ад асуджэння карэйцаў. Расія, якую Абама не губляе надзеі прыручыць, таксама гандлюецца, дбае пра свае геапалітычныя выгады і пляваць хацела на тое, што там перажывае карэйскі народ, азораны праменнем чучхе.

Абама, нібы Гарбачоў у 80-я, у Празе выступіў з планам вызвалення свету ад атамнай зброі. «Як адзіная ядзерная краіна, якая выкарыстала ядзерную зброю, ЗША, усведамляючы маральную адказнасць, павінны дзейнічаць. Адным нам не дамагчыся поспеху, але мы павінны ўзначаліць барацьбу за дасягненне поспеху. І сёння я заяўляю з усёй яснасцю і перакананнем аб адданасці Амерыкі дасягненню міру і бяспекі без ядзернай зброі».

План прыгожы — застаецца пытаннем, як пракантраляваць, каб хтосьці потайкі не збудаваў сабе ядзерны арсенал, пакуль іншыя здалі свае на захаванне. Уменне будаваць ядзерную зброю захаваюць і Пуцін, і іранскія мулы, і беспрынцыпныя дыктатарчыкі рэгіянальнага маштабу кшталту Кіма.

Абама разглядае магчымасць размяшчэння сховішча адпрацаванага атамнага паліва ў Казахстане. Але гэта аўтарытарная краіна, вельмі блізкая з Расіяй, з слабой арміяй, 40% насельніцтва якой адчуваюць сябе больш вернымі гістарычнай матушцы-Расіі, а не Астане. Такое сховішча можа ўраз апынуцца пад кантролем Масквы.

Рэйган у свой час адказваў Гарбачову расійскай жа прымаўкай: давярай, ды правярай.

Менавіта па здольнасці Абамы спыніць пакуты карэйскага народу, які ўволю спазнаў радасці жыцця пры таталітарызме, можна будзе меркаваць пра рэальную эфектыўнасць ягонай палітыкі «мяккай сілы». Ці будзе ён проста саступаць дыктатарам дзеля святога спакою, ці знойдзе спосабы весці свет да большай дэмакратыі і большых шанцаў для ўсіх.

«Чэхія і Польшча праявілі смеласць, пагадзіўшыся размясціць элементы супрацьракетнай абароны на сваіх тэрыторыях. І да тых часоў, пакуль пагроза з боку Ірану будзе існаваць, мы будзем ажыццяўляць нашы планы для стварэння надзейнай і эфектыўнай абарончай сістэмы. Калі ж іранская пагроза будзе ліквідаваная, наша бяспека ўмацуецца, і падставы для стварэння элементаў супрацьракетнай абароны знікнуць», — абяцаў Абама Цэнтральнай Еўропе.

Вольны свет павінен быць моцным, каб свабода выжыла.

Іран, некаторыя кіраўнікі якога вераць у тое, што аднойчы здолеюць зрабіць увесь свет ісламскай рэспублікай, як Сталін і Мао верылі, што здолеюць аднойчы зрабіць увесь свет камуністычным, а Гітлер — арыйскім, не апошні вораг свабоды. Іранскія тэакраты не апошняя палітычная група, якая будзе планаваць перадзел свету і дзейнічаць дзеля такога перадзелу. Людзі Вольнага свету не могуць мірыцца з такімі прагненнямі і не павінны прызнаваць іх законнымі, але павінны дзейнічаць, каб паслядоўна абмяжоўваць такія рэжымы і урэшце іх перамагаць, як калісьці перамаглі Гітлера, звалілі нашчадкаў Сталіна, і прымусілі эвалюцыянаваць пераемнікаў Мао.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?