Каранавірусная пандэмія закранула сям’ю былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч — яшчэ да таго, як у Беларусі пачалі рабіць тэсты на COVID-19, праз двухбаковую пнэўманію памерла яе цётка, перахварэла маці. Лідэрка кампаніі «Гавары праўду» цягам двух месяцаў максымальна абмежавала свае кантакты, пячэ хлеб на карантыне і выкарыстоўвае ўсе магчымасьці інтэрнэту і сацыяльных сетак для правядзеньня выбарчай кампаніі ў рэжыме онлайн, піша «Радыё Свабода».

«Маці ляжала ў калідоры, ужо ў студзені не хапала месцаў для хворых на пнэўманію»

— Як пачуваецеся? Ці закранула пандэмія вас, вашых блізкіх і сяброў?

— Наўпрост закранулі нашу сям’ю. У студзені праз двухбаковую пнэўманію памерла родная сястра маёй маці. Сама маці ляжала ў шпіталі зь віруснай пнэўманіяй. Тады тэсты на каранавірус у Беларусі яшчэ не рабілі. У краінах Эўразьвязу карантын абвясьцілі ў сакавіку, але ў студзені людзі ўжо цяжка хварэлі. Гэта было вельмі страшна для мяне. Калі маці шпіталізавалі, яна ляжала ў калідоры. Тады ўжо месцаў не хапала для хворых на пнэўманію. І страшна ўявіць, што цяпер адбываецца.

Самае небясьпечнае тое, што ў краіне няма адназначнай пазыцыі наконт таго, што мы робім для вырашэньня гэтай праблемы. З аднаго боку ўлада кажа, што вірусу няма, з другога — сядзіце дома і самаізалюйцеся, бо мы вам нічым дапамагчы ня можам. Напрыклад, мая маці цяпер ходзіць на працу. Яна 1954 году нараджэньня, як і Лукашэнка. У яе ёсьць іншыя хваробы, яна ў той самай групе рызыкі. Цяпер маці нармальна сябе адчувае. Яна аптымістка, напэўна, гэта ёй дапамагае. Хаця яе калегі па працы на «Амкадоры» хварэюць на каранавірус дастаткова цяжка. Нягледзячы на пэнсійны ўзрост, маці працуе і не ўяўляе, як гэта — ня рухацца і быць без калектыву.

«Я самаізалявалася, сын у школу ня ходзіць, вучыцца дыстанцыйна»

— Як пандэмія зьмяніла ваша жыцьцё, як асабістае, так і прафэсійнае?

— Кампанія «Гавары праўду» ад самага пачатку прапаноўвала ўвесьці афіцыйны карантын у Беларусі, каб улада ўзяла на сябе і матэрыяльную адказнасьць за некаторыя наступствы карантыну — каб людзі не шлі ў адпачынак за свой кошт, каб бізнэс спыніў дзейнасьць і моцна ня страціў. Таму я, канечне, самаізалявалася. Мой сын у школу ня ходзіць, вучыцца дыстанцыйна. Я выходжу з дому толькі пры вялікай патрэбе, сустракаюся зь людзьмі зрэдку. Не змагла не адгукнуцца і дапамагаю «Хакерспэйсу» — шчыткі, маскі, інфармаваньне. 9 траўня мы віншавалі вэтэранаў, якія ёсьць сярод нашых прыхільнікаў. Усе, каму я патэлефанавала, на самаізаляцыі, ніхто не пайшоў на парад. Вельмі разумныя людзі. Як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, у Беларусі людзі збольшага выбіраюць самаізаляцыю, і я гэта падтрымліваю.

«Будзем дамаўляцца на сустрэчы зь людзьмі на вуліцы, каб не хадзіць па пад’ездах»

— Ад кампаніі «Гавары праўду» на кандыдата ў прэзыдэнты вылучаецца ваш паплечнік Андрэй Дзьмітрыеў. Чаму вы вырашылі не выстаўляць сваю кандыдатуру ў гэтай выбарчай кампаніі?

— У нас камандны падыход. Мы бачым, што збольшага трэнд на мірныя перамены захоўваецца. Усе кандыдаты прадстаўляюць пазыцыю, што патрэбныя рэформы, але мірным шляхам. У гэтым сэнсе я дала імпульс кандыдатам, гэта відавочна. У гэтай кампаніі я выбрала для сябе ролю лідэра ініцыятыўнай групы, чалавека, які стартануў зь мірнымі пераменамі. Грамадзтва паказвае, што яно зацікаўленае ў альтэрнатыве і шукае яе. Я гэтаму радуюся як лідэр мірных пераменаў. Сёньня, магчыма, важна ня хто, больш важная колькасьць, якая можа бліжэйшым часам перарасьці ў якасьць.

— Цяпер у Беларусі, паводле афіцыйных лічбаў, штодня амаль тысяча новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. 9 жніўня — дата выбараў — даволі блізка. Ёсьць пэўныя рэчы, якія дыстанцыйна ня зробіш у часе выбарчай кампаніі. Трэба сустракацца зь людзьмі, зьбіраць подпісы. Як гэта будзе рабіцца з улікам небясьпекі каранавіруснай інфэкцыі?

— Мы ўжо некалькі месяцаў працуем зь людзьмі ў фармаце онлайн. Нам лягчэй, бо мы раней шмат чаго рабілі онлайн — нарады, камунікацыя праз сацыяльныя сеткі. Цяпер гэтая праца стала больш сыстэмнай. Мы арганізавалі чаты самадапамогі, рэгіянальныя чаты. Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы пачынаецца праца. У нас будзе кол-цэнтар, будзем дамаўляцца на сустрэчы зь людзьмі на вуліцы, каб не хадзіць па пад’ездах. Гэта будуць патэнцыйна бясьпечныя сустрэчы ў такіх месцах, каб людзі маглі дыстанцыявацца. Напрыклад, сустрэча па дамоўленасьці ля пад’езду. Праз онлайн-інструмэнты будзем пазначаць пункты збору подпісаў, месцы, дзе знаходзіцца наш валянтэр па зборы подпісаў.

«Я пабачыла, колькі людзей жывуць у сваім сьвеце і не гатовыя да сацыяльна актыўнай дзейнасьці»

— Што пандэмія вас прымусіла пераасэнсаваць? На што погляд зьмяніўся праз гэты каранавірус?

— Гэта значэньне сям’і і блізкага асяродку, якія гатовыя прыйсьці на дапамогу. Я пабачыла, колькі людзей адгукаюцца і дапамагаюць адно аднаму. Пры гэтым я таксама пабачыла і колькі людзей жывуць у сваім сьвеце, баяцца сустракацца з альтэрнатывай, ня хочуць бачыць іншых праблемаў, засяроджваюцца на сваіх і не гатовыя да сацыяльна актыўнай дзейнасьці. Я ўбачыла і той, і іншы бок.

У часе пандэміі больш кантактуеш з суседзямі, бо знаходзісься пераважна ўвесь час дома. Людзі адгукаюцца, але вельмі асьцярожна. Ёсьць інтэрнэт-прастора, дзе ты зробіш заклік — і адгукаецца шмат людзей, а людзі офлайн больш асьцярожныя.

— Як праходзіць ваш дзень у ізаляцыі?

— Паводле раскладу, бо я арганізаваны, сыстэмны чалавек. Устаю ў адзін час, сьняданак, праца ў інтэрнэце. Сын дарослы, сам вырашае, што і калі есьці, калі вучоба. Збольшага я свабодная і маю час для працы. На ровары пакуль ня ежджу, бо надвор’е не спрыяе. Часам на прабежку выбегу, пазаймаюся самастойна. Калі выяжджаю ў горад, магу зайсьці ў трэнажорную залю. Цяпер ёсьць месцы, дзе ўсе захады засьцярогі выконваюцца, і людзей мала.

Маску нашу, калі карыстаюся грамадзкім транспартам і калі ў краму заходжу. На сьвежым паветры я бяз маскі. У мяне шматразовыя маскі — чорная і белая. Маці набыла рэсьпіратар, часам карыстаецца. 15-гадовы сын бяз маскі ходзіць. Самая галоўная зьмена — усе сустрэчы, мерапрыемствы, прэзэнтацыі, дыскусіі перайшлі ў онлайн. Я люблю выклікі, але гэта і ня так лёгка насамрэч. Асабліва, калі арганізуеш праект на доўгія гады і патрэбны непасрэдны кантакт зь людзьмі. Бяз кавы і печыва цяжка. Хочацца больш блізкага кантакту.

«На кароткія дыстанцыі самае хуткае — ровар»

— Вы кажаце, што езьдзіце ў грамадзкім транспарце. Дык вы не за стырном?

— За апошнія два-тры гады я засвоіла ўсе магчымыя віды транспарту, і гэтаму вельмі рада. Ровар, каршэрынг, любы грамадзкі транспарт. У Менску нармалёва ўсё працуе. Я падлічвала самыя розныя варыянты. На кароткія дыстанцыі самае хуткае — ровар. Я не на машыне.

— Вашае жыцьцё цяпер пераважна онлайн праходзіць, а прастора сацыяльных сетак дастаткова таксічная, якіх толькі абвінавачаньняў там не атрымаеш. У параўнаньні са звычайнымі кантактамі сацсетачны асяродак больш агрэсіўны і катэгарычны. Ці бераце ўдзел у спрэчках, што вас раздражняе, злуе? Чаго пазьбягаеце, каго баніце?

— Нікога ня баню. Можа, аднойчы ў «Аднаклясьніках» аднаго чалавека забаніла і тое таму, што мяне папрасілі пра гэта астатнія. Я талерантны чалавек і нармальна стаўлюся да крытыкі, добра, што яна ёсьць. Часам ёсьць і аргумэнтаваная крытыка. Асноўны раздражняльнік — гэта ўлада, бо няма праўдзівай статыстыкі, людзям закрываюць раты. Калі больш за 100 чалавек затрыманыя за тое, што хацелі праўду сказаць, гэта раздражняе. У крызіс трэба слухаць людзей і мець сілу волі, каб знайсьці кампраміснае рашэньне. Дастала гэтая сытуацыя недаверу ў грамадзтве, мы ня зможам будаваць упэўненую будучыню, калі не навучымся проста слухаць адно аднаго.

«Я вельмі стрыманая ў выяўленьні сваіх эмоцый»

— Тацяна, я ніколі ня бачыла, калі вы злуецеся, моцна раздражнёныя. Як вы свае нэгатыўныя эмоцыі выяўляеце?

— Магу, канечне. Пад гэта трапляюць толькі блізкія людзі. Гэта такая мая пэрсанальная асаблівасьць, я вельмі стрыманая ў выўяленьні сваіх эмоцый. Проста заўважыла, што калі чалавек разам са сваімі думкамі пасылае яшчэ вельмі моцную эмоцыю, то ён можа быць незразумелы. Таму я стараюся гаварыць вельмі спакойна, каб мяне пачулі.

«Абняць чалавека цяпер немагчыма, і тут сацыяльныя сеткі адыгрываюць важную ролю»

— Ёсьць такая эмоцыя як эмпатыя. Людзі ў сеціве спачуваюць тым, у каго нехта блізкі памёр ад каранавірусу, або дактарам дзякуюць. Ці вы можаце сьлязу пусьціць, вобразна кажучы, калі вельмі спачуваеце камусьці?

— Я вельмі спачуваю сябрам нашай арганізацыі, якія сутыкнуліся з такімі праблемамі. У «Гавары праўду» каля 10 чалавек сутыкнуліся з COVID-19. Мне, напрыклад, адгукаецца эмацыйнасьць Андрэя Курэйчыка, калі ён пра свайго тату пісаў, які хварэў на каранавірус, ці гісторыя Насты Шамрэй, якая зь дзіцём трапіла ў шпіталь, ці гісторыя, якую расказала Валярына Кустава пра знаёмага чалавека, якога пачалі цкаваць праз тое, што ён заразіўся. Часта грамадзтва неадэкватна рэагуе і можа караць тых, хто захварэў. Насамрэч ніхто ня можа сказаць, ці атрымаў ён гэты вірус.

У майго сябра па камандзе Аляксандра падчас пандэміі на мяжы Казахстану і Туркмэністану загінуў дзядзька, які працаваў дальнабойшчыкам. Прычына невядомая. Але калі б у Беларусі быў карантын, ён бы не паехаў на гэтую працу…

Найчасьцей мне трэба проста нешта зрабіць. Напрыклад, у Вольгі Лагвіновіч, сябра нашай ініцыятыўнай групы, уся сям’я захварэла. Я моцна суперажывала, спачувала і дапамагала ёй. Сёньня большасьць з нас — на самаізаляцыі. Абняць чалавека немагчыма. І тут сацыяльныя сеткі адыгрываюць важную ролю. Каб Вольга не напісала пра сваю сытуацыю ў Фэйсбуку, то мы б не даведаліся і не змаглі б дапамагчы. Я часта кажу, што калі патрэбная дапамога, пра гэта трэба абавязкова казаць.

«За два месяцы спрабавала і хлеб пячы ў хатніх умовах»

— Што гатуеце ў добраахвотным карантыне?

— Люблю сьняданкі і вячэры гатаваць. За два месяцы спрабавала і хлеб пячы ў хатніх умовах. Я прыхільніца простых рэчаў у харчаваньні. Мяса і гародніна — з гэтым экспэрымэнтую.

Цяпер шмат адукацыйных рэсурсаў зьявілася онлайн, у гэтым сэнсе пандэмія дае магчымасьць удасканаліцца. Можна навучыцца лепей выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі ня толькі для забаваў, але і для працы. Можна вучыцца онлайн. Насамрэч цяжка прызвычаіцца, бо мы вучымся праз усе нашы органы, а цяпер застаўся толькі візуал, а мы ня ўсе візуалы. Я дакладна навучуся рабіць адукацыйныя онлайн-праекты і весьці мерапрыемствы ў онлайн-рэжыме.

«Каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя»

— Калі б вы былі прэзыдэнткай, якія б былі вашы найпершыя дзеяньні ў сувязі з пандэміяй?

— Я прыняла б тыя захады, якія далі б адчуваньне рэальнай дапамогі дзяржавы, функцыянальныя карантынныя захады і фінансавую падтрымку. Я абараніла б мэдыкаў, якія часта ня маюць патрэбных сродкаў аховы і ўсе гэтыя два месяцы змагаюцца з каранавірусам. Сёньня мы пабачылі, што наша адукацыя не гатовая да дыстанцыйнага навучаньня. Трэба перагледзець бюджэт краіны і на мясцовым узроўні, і на ўзроўні парлямэнту і паказаць людзям, што падаткі, якія яны плацяць, накіроўваюцца на паляпшэньне сытуацыі, каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя і жылі годна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?