Фота: Маскоўскі заапарк

Фота: Маскоўскі заапарк

У Маскоўскім заапарку памёр місісіпскі алігатар Сатурн. Заасад паведамляе, што жывёла памерла ад старасці: яму было каля 84 гадоў, што лічыцца вельмі глыбокім узростам. У дзікай прыродзе працягласць жыцця прадстаўнікоў гэтага віду 30-50 гадоў, піша Бі-бі-сі.

Сатурн нарадзіўся ў ЗША прыкладна ў 1936 годзе, амаль адразу ж быў дастаўлены ў Берлінскі заапарк, адкуль збег пасля бамбардзіроўкі 23 лістапада 1943 года.

Дзе ён правёў наступныя тры гады, невядома. Але перажыў штурм Берліна. Брытанскія салдаты знайшлі яго толькі ў 1946 годзе і перадалі СССР. Ужо ў ліпені таго года алігатар прыбыў у Маскву.

Тады ж нарадзіўся міф, што алігатар належаў Гітлеру.

У паведамленні Маскоўскага заапарка аб Сатурне бачна чалавечая журба.

«Сатурн для нас — гэта цэлая эпоха. У гэтым няма ні найменшага перабольшання. Ён прыйшоў пасля Перамогі — і сустрэў з намі яе 75-годдзе. Гэта вялікае шчасце, што кожны з нас мог зірнуць яму ў вочы, проста ціха пабыць побач. Ён бачыў многіх з нас дзецьмі. Спадзяемся, што мы яго не расчаравалі», - гаворыцца ў паведамленні Маскоўскага заапарка.

Рэптылію часам называлі «алігатарам Гітлера», паколькі яна жыла ў Берліне ў гады Трэцяга рэйха. Але расповеды пра тое, што Сатурн нібыта быў часткай асабістага звярынца Гітлера, адміністрацыя заапарка назвала міфам.

«Нават калі чыста тэарэтычна ён і належаў камусьці — жывёлы не датычныя да вайны і палітыкі, абсурдна вінаваціць іх у людскіх грахах», - гаворыцца ў заяве. Распавядаюць, што, нягледзячы на пажылы ўзрост, Сатурн мог раскусіць сталёвыя канструкцыі. Ён пазнаваў супрацоўнікаў, якія пастаянна кармілі яго, быў даволі разборлівы ў ежы і любіў масаж шчоткай.

Памяць Сатурна будзе ўвекавечана ў Дарвінаўскім музеі, паведаміў заапарк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0