Міністр Навумаў, знакаміты пешымі паходамі вакол Нарачы, закліканымі прадэманстраваць яго жалезныя фізічныя кандыцыі, раптам папрасіўся ў адстаўку паводле стану здароўя. І Лукашэнка не стаў адгаворваць.

Насамрэч падстаў для незадаволенасці міністрам, зразумела, было з каптуром. Чаго вартая адна справа пра леташні выбух на канцэрце ў ноч на 4 ліпеня з наступнай масавай дактыласкапіяй ды букетам іншым сімптомаў бездапаможнасці грозных органаў.

Сілавыя структуры налаўчыліся разганяць маніфестацыі, а вось што да абароны звычайных грамадзян ад злачыннасці, то хутчэй выпадае казаць аб прафесійнай дэградацыі. Гісторыя з самасудам над падпальшчыкам у палескай вёсцы Пухавічы — класічная падстава для сакраментальнай фразы "А куды глядзела міліцыя?".

Зрэшты, тут праблема не столькі ў персаналіях на чале сілавых структур, колькі ў тым, як трактуюць іх місію на самым версе.

Сёння ж відавочна, што кіраўнік дзяржавы збіраецца ў Еўропу. У шырокім сэнсе. Яшчэ бабуля надвая варажыла, ці паляціць Лукашэнка ў Прагу на саміт “Усходняга партнёрства”. Але бясспрэчна, што ён вельмі зацікаўлены ўлагодзіць дачыненні з Еўразвязам.

Эканоміка калапсуе. Расія ж за кожны скормлены вітамін патрабуе мноства — і зусім не дробных — паслуг. Расчыстка калідора ў Еўропу становіцца жыццёва неабходнай.

Навумаў быў апошнім на высокай пасадзе з тых персаналій, што фігуруюць у дакладзе Пургурыдэса аб гучных знікненнях. Раней сышлі ў цень Сівакоў, Шэйман, Паўлічэнка. Афіцыйны кіраўнік адсоўвае з публічнай сферы тых, хто правакаваў на Захадзе пытанні на непрыемную тэму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?