«Сёння альбо заўтра будзе прынятае рашэнне аб адмене абавязковых масак на вуліцы», — паведаміў міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі.

Палітык адначасова дадаў, што, магчыма, у трох ваяводствах, дзе эпідэміялагічная сітуацыя найбольш складаная, маскі адмененыя не будуць. Маскі неабходна будзе надалей насіць у закрытых памяшканнях і грамадскім транспарце, піша «Радыё Польшча».

Польшча неўзабаве прыступіць да чацвёртага этапу размарожвання эканомікі. У яго рамках, у прыватнасці, будзе дазволена правядзенне важных сямейных мерапрыемстваў, напрыклад вяселляў, будуць таксама адкрытыя спартыўныя аб'екты ў будынках (спартыўныя абʼекты на адкрытым паветры ўжо працуюць).

Польшча 16 красавіка ўвяла абавязак насіць маскі альбо закрываць рот і нос, напрыклад, хусткай альбо шалікам у грамадскіх месцах, у тым ліку на вуліцы, у парках і іншых месцах на адкрытым паветры.

За ўвесь час у Польшчы было выяўлена 21 326 выпадкаў каранавіруса (563 на 1 млн жыхароў, у Беларусі 3831 выпадак на 1 млн), памерлі 996 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0