Рэгулярны чэмпіянат Нацыянальнай хакейнай лігі сезона 2019/2020 гадоў, які быў прыпынены 12 сакавіка з-за пандэміі каранавіруса, датэрмінова завершаны. Пра гэта абвясціў камісіянер НХЛ Гэры Бэтмен. Усяго не дагуляна 189 запланаваных матчаў.
Аднак ліга плануе правесці плэй-оф, у якім замест звычайных 16 каманд возьмуць удзел 24 — па 12 з кожнай канферэнцыі, якія маюць найбольшы працэнт набраных ачкоў.
Такім чынам, у розыгрыш не трапяць сем каманд: «Бафала Сэйбрз», «Нью-Джэрсі Дэвілз», «Анахайм Дакс», «Лос-Анджэлес Кінгз», «Сан-Хасэ Шаркс», «Атава Сенатарз» і «Дэтройт Рэд Уінгз».
У якія даты і ў якіх гарадах будзе разыграны Кубак Стэнлі, пакуль невядома. Плануецца, што гульні будуць праводзіцца толькі ў двух гарадах.