7 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачалося слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна.

Яны абвінавачваюцца ў забойстве свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, якога падазравалі ва ўчыненні падпалаў дамоў.

Жорсткае забойства М.Макарэвіча 1957 года нараджэння было ўчынена 31 снежня 2008 года.

Яго цела спрабавалі спаліць, а затым адвезлі і схавалі недалёка ад вёскі Белеў Жыткавіцкага раёна. 10 студзеня па падазрэнні ў забойстве былі затрыманы трое мясцовых жыхароў — 1972, 1974 і 1985 гадоў нараджэння. Іх змясцілі ў следчы ізалятар,

аднак 6 лютага, пасля ўмяшання прэзідэнта краіны, мера стрымання была заменена на дамашні арышт.

24 лютага абвінавачанне ў забойстве было прад’яўлена 21‑летняй жыхарцы Пухавічаў, якая раней была асуджана за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў сужыцелю і адбывала пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

Слуханні праходзяць у адкрытым рэжыме, плануецца дапытаць у судзе 35 сведак — жыхароў вёскі.

Арыенціровачна судовыя пасяджэнні пройдуць 7—10 красавіка.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0