На паліцах крамаў Кобрына ды Брэста, а таксама на сталічным Камароўскім рынку з’явіўся незвычайны кандытарска‑мясны дэлікатэс.
У тубачцы сыравэнджанай «Міланскай» цяпер акрамя мяса беларусы могуць знайсці … шакалад.
Для беларускай харчовай прамысловасці гэта прэм’ера. Хаця для свету ўжо колькі гадоў як перастала быць навіной. Пасля таго як немец Йорга Штароске прэзентаваў каўбасу з кавалачкамі шакаладу ды апельсінавай цэдры на чарговым Каўбасным чэмпіянаце ў Берліне.
Адважыўся на гастранамічны крэатыў Кобрынскі мясакамбінат — самае маладое з усіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Тое і не дзіўна: пабудаваны ён быў па нямецкім праекце і вытворчасць наладжвалася па нямецкіх тэхналогіях. Ды і разлічваўся першапачаткова на выпуск выключна элітнай прадукцыі.