Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Віктару Бабарыку не паступала прапанова аб прэм'ерстве з боку ўладаў. «Гэта нахабная хлусня», — сказаў банкір, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты падчас анлайну 30 мая.

Па яго словах, такую «прапанову» яму зрабіў адзін з іншых альтэрнатыўных кандыдатаў.

Бабарыка заклікаў усіх выконваць нормы заканадаўства, фіксававаць факты парушэнняў. А калі будуць звальненні ці факты ціску, то Бабарыка абяцае любую грамадскую, юрыдычную ці фінансавую падтрымку.

Палітык таксама сказаў, што на наступным тыдні плануе наведаць Гомель, Магілёў і Віцебск. Праз тыдзень — Брэст і Гродна. Мяркуецца наведванне буйных райцэнтраў. 

«Пераконваць у тым, што я прарасійскі ці не прарасійскі, сэнсу няма, — сказаў ён. — Галоўнае — пераконваць, што ёсць альтэрнатыва. Важна, каб выбары прайшлі сумленна».

«Мы не чакалі, што правакацыі будуць такія раннія і такія цынічныя», — пракаментаваў ён падзеі апошніх дзён.

«Прафесійная ацэнка не залежыць ад гендару. Калі нехта заяўляе, што жанчына не можа быць прэзідэнтам, гэта абуральная дыскрымінацыя і патрабуе рэакцыі», — пракаментаваў Бабарыка ўчорашнюю заяву Лукашэнкі, што жанчына не можа быць прэзідэнтам.

Бабарыка заклікае таксама даносіць праўдзівую інфармацыю пра каранавірус. «Няясная пазіцыя па раскрыцці праўды важнейшая за домыслы». «Не думаю, што ў нас страшнейшая сітуацыя, чым у некаторых іншых краінах, але важна аператыўна і праўдзіва інфармаваць».

«Калі вы не пайшлі на выбары — вы прагаласавалі «за» — адказаў ён на пытанне, ці слушна ісці на выбары.

Бабарыка згодны аб'яднацца з іншымі кандыдатамі, калі ёсць агульная мэта.

«Каб быў Шагал, трэба, каб нехта яму дапамагаў, каб нехта дапамагаў творцам», — мяркуе ён.

«Я вельмі хачу жыць у краіне, якой я буду ганарыцца. І каб яна існавала, як асобная незалежная дзяржава. Я хачу, каб мае ўнукі жылі ў гэтай краіне. Каб яны ганарыліся, што жывуць тут».

Бабарыка сказаў, што яму падабаюцца кнігі такога кшталту, як «Валадар пярсцёнкаў». «Там ёсць добрая фраза: «Мы не выбіраем час, а мы выбіраем шлях, як жыць у гэтым часе», — сказаў ён.

«Кіраўнік краіны павінен валодаць дзяржаўнымі мовамі і ведаць хоць адну мову міжнароднай камунікацыі», — адказаў ён, пажартаваўшы, што ведае, але не дасканала, рускую, крыху горш беларускую, а яшчэ горш англійскую.

Яго не захапляе бразганне зброяй і залатымі пісталетамі з вялікімі фуражкамі. «Не парадам адзіным павінна жыць краіна. Тым больш у такія часы, калі ёсць небяспека». Бабарыку больш падабаецца, як ушаноўваецца памяць вайны ў заходніх краінах.

Прыкладам гістарычнай асобы ён лічыць Уінстана Чэрчыля.

«Я пастаянна жыў з людзьмі, якія пра мяне клапаціліся. Спачатку бацькі, потым мая жонка. Зараз няма каму пра мяне клапаціцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0