Вандроўніцкі клуб «Арт-вандроўня», Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, «Беларуская нацыянальная памяць» абвяшчаюць дзіцячы конкурс беларускага чытання ды бяспечных вандровак па родным краі.

Пачаліся летнія вакацыі — час вандровак, гульняў і прыгод для нашых дзетак. Але гэта і час, калі можна атрымаць асалоду ад чытання цікавых кнiжак, пазнаёміцца з новымi для сябе аўтарамi ды iх творамi. Прапануем дзеткам спалучыць гэтыя віды адпачынку.

1. Абярыце беларускі верш, які вам спадабаўся.

2. Падчас вандровак ці прагулак па сваім горадзе, мястэчку ці вёсцы падбярыце месца, якое адпавядае зместу верша. Пажадана, каб гэта быў вядомы, пазнавальны краявід: помнік гісторыі, архітэктуры ці прыроды.

3. Выразна прачытайце абраны верш на фоне гэтага краявіду і з дапамогай бацькоў ці сяброў альбо нават самастойна здыміце чытанне на відэа. На памяць вучыць не абавязкова, можна прачытаць проста з кнiгi.

4. Загрузіце гэтае відэа ў фэйсбук ці інстаграм з хэштэгам #звершампабеларусі да 30 чэрвеня ўключна. Альбо папрасіце гэта зрабіць вашых бацькоў ці старэйшых братоў, сёстраў, сяброў.

Колькасць вершаў, якія вы можаце прапанаваць на конкурс, неабмежаваная. Але кожны верш павінен быць запісаны асобным відэа і на фоне іншага помніка ці краявіду.

Вы можаце абраць для чытання і нядоўгі ўрывак беларускай прозы ці прачытаць свой уласны верш. Альбо нават прыдумаць невялічкую казку!

Увага! Падчас вандровак захоўвайце ўсе правілы эпiдэмiялагiчнай бяспекі і сацыяльнага дыстанцыявання!

Конкурс прысвечаны памяці беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, кіраўніка легендарнага моладзевага аб’яднання «Талака», гісторыка ды педагога Сержука Вітушкі, аўтара казак для дарослых і дзяцей. І прызамі будуць ягоныя кніжкі ды аўдыядыскі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!». Галоўны прыз — электронную кнiгу — прадаставiць грамадскае аб'яднанне «Вiленскi беларускi музей імя Івана Луцкевіча», стваральнікам якога быў спадар Вiтушка.

Пераможцы будуць абвешчаныя 2-га ліпеня, у дзень памяці Сержука Вітушкі, у суполках «Арт-вандроўні» і музея Луцкевіча ў Вільні. Каб сачыць за падзеямi i не прапусцiць вынiкi конкурсу, вы можаце падпiсацца на навiны гэтых суполак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0