Сюрпрызам для грамадства сталі чэргі да выбарчых пікетаў праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Прыхільнікі перамен зразумелі, што іх не проста шмат, а абсалютная большасць. Пабачыў гэта і Аляксандр Лукашэнка. 30 і 31 мая людзі стаялі ў чэргах, каб падпісацца. А 1 чэрвеня адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка, выклікаў да сябе кіраўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыя Вакульчыка.

Вакульчык пра пікеты: Нічога дзіўнага не адбываецца

Сяргей Ціханоўскі — адзін з самых папулярных у краіне відэаблогераў. Ён заклікаў да вулічных акцый пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і казаў, што перамен можна дабіцца толькі шляхам вулічных пратэстаў і забастовак, што надзеі на справядлівы падлік галасоў пры гэтай сістэме няма. 

Калі Ціханоўскага арыштавалі на 15 сутак перад абвяшчэннем прэзідэнцкіх выбараў, каб не даць яму магчымасці балатавацца, дакументы на рэгістрацыю падала яго жонка Святлана Ціханоўская — настаўніца, якая цяпер сядзіць дома з малымі дзецьмі. Яна вырашыла зрабіць тое, пра што марыў яе муж. Ярмошынай не заставалася выбару, акрамя як яе зарэгістраваць.

Але кампанію вёў сам Сяргей. Ён наняў аўтадом і ездзіў на ім з горада ў горад. Сотні людзей збіраліся вечарамі на плошчах гарадоў, каб паставіць подпіс і пагаварыць з ім. З сабой яны бралі тапкі, якімі б'юць тараканаў. Пасля таго як пенсіянерка з Глыбокага згадала дзіцячы верш «Тараканішча» — пра тое, як адно маленькае насякомае пагрозамі трымае ў страху вялікіх звяроў — Ціханоўскі зрабіў тапак сімвалам сваёй кампаніі. Гэты вобраз выклікаў і смех, і энтузіязм людзей.

29 мая Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Гродне. Але правакацыя, якая папярэднічала затрыманню, трапіла на відэа, і за ноч карыстальнікі інтэрнэту ідэнтыфікавалі жанчыну з Мінска, якая адыграла ў ёй цэнтральную ролю.

Чытайце таксама: «Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

Нягледзячы на яго затрыманне, у суботу і нядзелю людзі зноў масава стаялі ў чэргах, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Гэта здарылася ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Віцебску, Магілёве, Жодзіне, Лідзе, Маладзечне, Стоўбцах, Глыбокім, Жлобіне, іншых гарадах.

Чытайце таксама: Чэргі, каб падпісацца «супраць Лукашэнкі». ФОТЫ, ВІДЭА з Мінска, Віцебска, Брэста, Жлобіна, Стоўбцаў, іншых гарадоў…

Людзі ў чэргах былі настроеныя радыкальна. «Колькі можна? Колькі ўжо можна? Вось чаму я тут!» — адказала карэспандэнту «Нашай Нівы» жанчына ў чарзе да пункта збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Мінску. Яна сказала, што збіраецца «паставіць подпіс і за Бабарыку, і за Цапкалу. Хто заўгодна, толькі не ён [Аляксандр Лукашэнка]».

Чытайце таксама: 78-гадовая жанчына пра Лукашэнку: «Колькі ж ён будзе нас мучыць?» ВІДЭА

Затрыманне Сяргея Ціханоўскага дало таксама імпульс аб'яднанню альтэрнатыўных кандыдатаў.

Валерый Цапкала з жонкай публічна аддалі свае подпісы Святлане Ціханоўскай.

Папулярны лідар хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец заклікаў людзей па ўсёй краіне ў нядзелю а 12-й гадзіне збірацца на пікетах па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Супольны пікет альтэрнатыўных кандыдатаў па зборы подпісаў запланаваны і на 5 чэрвеня, 18.00, каля ГУМа.

А банкір і мецэнат Віктар Бабарыка, які, паводле звестак інтэрнэт-апытанняў, вырваўся ў лідары прэзідэнцкай кампаніі, назваў затрыманне Ціханоўскага «незаконным» і паабяцаў юрыдычную і фінансавую падтрымку ўсім, каго зачэпяць рэпрэсіі ці на каго будуць ціснуць.

Грамадзянская супольнасць адрэагавала мабілізацыяй. Паказальны эпізод: на сайце сына Бабарыкі людзі сабралі грошы на штраф пікетоўцу за 10 хвілін.

Нагадаем, 1 чэрвеня адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка, выклікаў да сябе старшыню КДБ. І вось што адбылося за 2 і 3 чэрвеня.

Сілавікі праводзяць ператрус у Ціханоўскіх. Прыехалі на васьмі машынах.

Каля дома палітыка Яўгена Афнагеля ў Мінску з вечара 2 чэрвеня дзяжураць невядомыя ў цывільным. Некалькі машын з людзьмі, падобнымі на супрацоўнікаў міліцыі, стаяць на бліжэйшых да дома скрыжаваннях і каля ўваходу. 

Раніцай 3 чэрвеня быў затрыманы Валянцін Троцкі.

У Полацку трое ў цывільным прыехалі дадому да блогера Алеся Круткіна. Каля 6 вечара яго затрымалі. У затрыманні бралі ўдзел і супрацоўнікі АМАП.

У Мінску ў міліцыю выклікалі ўдзельнікаў пікета 31 мая Валерыя Рабцава і Сяргея Мацкойця.

У Наваполацку затрыманы Андрэй Зуеў — валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Раней Андрэй Зуеў адбыў 7 сутак арышту за ўдзел у стрыме Ціханоўскага.

У Наваполацку затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Артур Сінега. 

У Мінску затрыманыя жыхары Лагойскага раёна, актывісты Маладога Фронту Максім і Дзяніс Урбановічы.

Пад арыштам застаюцца і сем чалавек, затрыманых 29 мая ў Гродне.

І, нарэшце, на лецішчы Ціханоўскага «знайшлі» $900 тысяч.

Гэта ўжо другая хваля застрашвання. Першая адбылася перад 9 Мая — тады ва ўсёй краіне штрафавалі і садзілі на суткі людзей, якія крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку і эканамічную палітыку ўладаў, скардзіліся на безгаспадарчасць у відэа, знятых Ціханоўскім. Але тады не было крымінальных спраў. Цяпер і такую завялі — абвінавачваюць ва ўжыванні сілы супраць міліцыі. 

Паколькі ўсе сустрэчы Ціханоўскага з людзьмі здымаліся на відэа, праваабаронцы ніякага ўжывання сілы не выявілі і таму прызналі затрыманых палітычнымі зняволенымі. Гэта дае падставы для дапамогі ім і іх сем'ям з боку міжнароднай супольнасці.

Падчас мінулых выбарчых кампаній ператрусаў у прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не бывала. У гэтым сэнсе сёлетняя кампанія беспрэцэдэнтная. Аналітыкі звязваюць такія захады з падзеннем папулярнасці як Аляксандра Лукашэнкі, так і створанай ім сістэмы. Па любові не атрымалася, пайшла ў ход сіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0