Пры раскопках у Полацку знойдзена плінфа ХІІ стагоддзя з выявай музыканта. Пра гэта TUT.BY распавёў Аляксей Коц, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Выява ХІІ стагоддзя, якую знайшлі ў Полацку. Фота з тэлеграм-канала «Спадчына»
Аляксей і яго калегі вывучаюць Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку:
— Мы пацвердзілі, што храм атрымаў свой сучасны выгляд у XVIII—XIX стагоддзях падчас перабудоў і разбурэнняў. Першапачаткова вакол будынка знаходзіліся галерэі. Гэта прыбудовы, якія ў першую чаргу прызначаліся для пахаванняў. Мы не выявілі гэтыя пахаванні, але знайшлі месцы, дзе хавалі прадстаўнікоў знаці, манахаў, магчыма, князёў. Ад галерэй захаваліся толькі ніжнія часткі сцен і падмуркі. Наша задача — раскапаць іх і даследаваць, як яны выглядалі.
Падчас раскопак археолагі пачалі працаваць уздоўж паўночнай часткі сцяны і наткнуліся на адзін з кавалкаў плінфы (умоўна кажучы, старажытнай цэглы).
— Плінфа — старажытная цэгла. Пакуль яна сырая і цалкам не высахла, з’яўляецца прыдатным матэрыялам, каб на ёй можна было нешта намаляваць, — тлумачыць Аляксей Коц. — Напрыклад, гэта рабілі майстры падчас адпачынку. Відавочна, што ў аднаго з іх быў добры мастацкі густ. У вольны час ён намаляваў чалавека на сырой гліне. Потым яна высахла. Гэтую выяву не знішчылі, не зацерлі. Яе паклалі ў печ, і ў такім выглядзе яна трапіла ў кладку. Потым, калі яна разбурылася, мы яе знайшлі.
Як мяркуе археолаг, гэта была выява чалавека ў поўны рост. Але захавалася толькі нагрудная частка.
— Гэта музыка, скамарох. У яго досыць цікавая шапачка. Пад левай рукой ён трымае струнны музычны інструмент. Які менавіта — трэба рабіць аналіз. Бачны каўнер, магчыма, скамарошны. Сама выява, твар пакрытыя кропачкамі. Пакуль складана сказаць, што гэта значыць.
Па словах Аляксея, ва Усходняй Еўропе вядомыя падобныя выявы людзей.
— Ёсць выявы ў Ноўгарадзе, графіці ў Кіеўскім Сафійскім саборы. Але для Полацка такая выява першая.
Як адзначае археолаг, у Полацку былі зробленыя і іншыя цікавыя знаходкі.
— Знаходзілі плінфу з выявай птушкі. Знаходзілі намаляваную сетачку, каб майстры падчас адпачынку маглі пагуляць у настольную гульню. У 2017 годзе мы знайшлі плінфу з выявай чарцяжа храма-пахавальні, які знаходзіцца побач з храмам. Гэта была ўнікальная знаходка, бо мы не маем аналагаў ва Усходняй Еўропе.
Які лёс чакае знаходку?
— Мы працуем як экспедыцыя Полацкага ўніверсітэта, нам дапамагаюць расійскія спецыялісты з Эрмітажа. Шмат хто турбуецца, каб знаходкі не звезлі. Магу запэўніць: усё, што мы знаходзім, застаецца ў Полацку. Гэта нацыянальныя культурныя каштоўнасці.
Зараз усе знаходкі (у тым ліку і плінфа) — на апрацоўцы ў лабараторыі Полацкага ўніверсітэта. У будучыні яе плануюць перадаць у адзін з дзяржаўных музеяў.