Увечары 4 чэрвеня ў пасёлку Бараўляны пад Мінскам каля крамы «Гіпа» зьбіралі подпісы за былога дырэктара ПВТ Валера Цапкалу, які вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты. Чаргі каля стала зь імем Цапкалы не было, але людзі падыходзілі адзін за адным. Зборшчыкі сказалі, што за 2 гадзіны сабралі больш за 40 подпісаў, і ацанілі актыўнасьць будучых выбарцаў як «добрую», піша «Радыё Свабода».

Пасьля да пікета прыйшлі Валер Цапкала з жонкай. Меркаванага кандыдата сустрэлі аплядысмэнтамі і пачалі задаваць яму пытаньні. Валер Цапкала паведаміў, што ягоныя актывісты на вечар аўторка сабралі 64 тысячы подпісаў і ён упэўнены, што агулам будзе сабрана значна больш за сто тысяч. Потым Валер Цапкала прапанаваў задаваць яму пытаньні.

Яго адразу спыталі пра стаўленьне да словаў на ягоны адрас ад Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі ў гэты дзень. Прэтэндэнт у кандыдаты сказаў, што «ня слухае нічога» і мяркуе, што «там не было сказана цывілізавана і паважліва», «бо ў нас няма паважлівага стаўленьня да апанэнтаў».

«Свабода» папрасіла Валера Цапкалу пракамэнтаваць дзеяньні ўладаў адносна блогера Ціханоўскага.

«Што камэнтаваць? Тут усім усё зразумела», — сказаў спадар Цапкала.

«Але ці паверылі вы таму, што ў Ціханоўскага былі 900 тысяч даляраў?» — перапытаў журналіст.

«Пры чым тут мая вера? Давайце ня будзем [апавядаць] казку пра белага бычка. Мы ўжо сфармулявалі дадзенае пытаньне, і давайце ня будзем на ім спыняцца», — настойваў Валер Цапкала.

Былы дырэктар ПВТ ня стаў камэнтаваць і тое, што Цэнтравыбаркам палічыў фэйкам сьведчаньні пра прымус грамадзян падпісвацца за Лукашэнку, якія сабраў Віктар Бабарыка, і адмовіў Бабарыку ў задавальненьні скаргі. «Спытайце пра гэта ў ЦВК», — адказаў Валер Цапкала.

На пытаньне, ці не зьбіраецца ён сам зьвяртацца з падобнымі скаргамі, адказ быў такі: «Вы ж ведаеце, які будзе вынік».

Вось некаторыя тэзы з выступу Цапкалы перад людзьмі, якія сабраліся каля крамы «Гіпа» ў Бараўлянах.

  • Трэба, каб у беларусаў быў выбар, як у краме.
  • Гэта не ягоная краіна, а наша. Трэба аднаўляць дыялёг у грамадзтве.
  • Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі пасварылася як з Захадам, гэтак і з Расеяй.
  • Вышэйшая ўлада павінна зьмяняцца. Нават у Кітаі ў кіраўніцтве адбываецца ратацыя, а ў нас адзін чалавек сядзіць 26 год і ўсе вымушаны яго слухаць.
  • Хачу, каб не было нікога вышэйшага за закон.
  • Заробкі чыноўнікаў трэба паставіць у залежнасьць ад інвэстыцый.
  • Нам патрэбна прафэсійнае войска.
  • Частку міліцыі павінен фінансаваць цэнтральны бюджэт, другую частку — мясцовы.
  • Трэба скараціць падаткі і пакінуць вялікую частку мясцовай уладзе, як у Польшчы, дзе ў ваколіцах Варшавы ўжо ня ведаюць, куды падзець грошы.
  • Люстрацыі непатрэбныя, большасьць чыноўнікаў і сілавікоў, якія цяпер служаць аднаму чалавеку, мараць служыць толькі народу Беларусі.
  • Дэкрэт аб дармаедах трэба адмяніць, бо нельга караць людзей, якія трапілі ў бяду, застаўшыся бяз працы.

На пытаньне «Чый Крым?» Валер Цапкала адказаў, што беларусы гэтак жа любяць рускіх, як і ўкраінцаў, таму Беларусь павінна быць мостам, з дапамогай якога Расея і Украіна паразумеюцца.

У сустрэчы з Валерам Цапкалам бралі ўдзел каля 100 чалавек, міліцыянтаў у форме побач бачна не было.

Чытайце таксама:

Лукашэнка пра Цапкалу: Калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджаныя будуць парасяты

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?