Расія адыгрывае на Блізкім Усходзе «дэструктыўную ролю», таму яна павінна «пайсці прэч» з рэгіёну. Такое меркаванне выказаў падчас відэаканферэнцыі ў Інстытуце Блізкага Усходу ў Вашынгтоне памочнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Шэнкер, піша rbc.ru.

«На працягу 45 гадоў гэта было нарожным каменем амерыканскай палітыкі — трымаць рускіх далей ад Блізкага Усходу. Цяпер яны там, адыгрываюць дэструктыўную ролю. І мы, шчыра кажучы, думаем, што яны павінны пайсці прэч адтуль», — сказаў памочнік дзяржсакратара.

Разважаючы аб «спаборніцтве вялікіх дзяржаў» на Блізкім Усходзе, маючы на ўвазе ЗША, Расію і Кітай, Шэнкер заявіў, што Вашынгтон не прымушае гэтыя краіны рабіць які-небудзь выбар. Па яго словах, ЗША хочуць, каб гэтыя дзяржавы ведалі аб магчымых наступствах, якія могуць паўстаць у выніку таго выбару, які яны робяць.

Апроч іншага, памочнік дзяржсакратара ЗША згадаў выказванне Дональда Трампа аб тым, што адміністрацыя папярэдняга прэзідэнта Барака Абамы «вітала прыход рускіх у Сірыю» на дапамогу прэзідэнту краіны Башару Асаду. Паводле яго слоў, папярэднія амерыканскія ўлады лічылі, што гэта «зацягне рускіх у дрыгву».

Шэнкер перакананы, што Расія змяніла ход вайны ў Сірыі, аднак у краіне па-ранейшаму дзейнічае рэжым Асада. «Шчыра кажучы, я думаю, што гэта быў правал (адміністрацыі Абамы)», — сказаў памочнік дзяржсакратара.

На ягоную думку, поспех у Сірыі падштурхнуў Расію да дзеянняў у Лівіі, дзе яна цяпер «не адыгрывае прадуктыўнай або стабілізуючай ролі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0