Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што следства мае доказы, каб давесці ў судзе датычнасць усіх трох падазраваных да забойства ў Кіеве ў ліпені 2016 года беларускага журналіста Паўла Шарамета, піша «Радыё Свабода».
«Следства мяркуе, што мае вычарпальны набор аргументаў. Падазраваныя адмовіліся ад дачы паказанняў, ад удзелу ў следчых эксперыментах і ад праверкі на паліграфе, — заявіў Арсен Авакаў 5 чэрвеня ў парламенце Украіны. — Следства перадало ўсе матэрыялы ў суд, і ў спаборным працэсе суд мусіць устанавіць праўду. Кожны падазраваны мае права на абарону, і суд павінен вынесці рашэнне, улічыўшы ўсю сістэму аргументаў абвінавачання і абароны».
Паводле яго, у справе налічваецца больш за 200 тамоў матэрыялаў, 38 з якіх змяшчаюць доказы датычнасці да злачынства Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар.
Усе дакументы перадалі на азнаямленне адвакатам і падазраваным.