Жыхарка адной з вёсак Мядзельскага раёна ездзіць на працу з перасадкамі: раніцай ад дома да прыпынку грамадскага транспарту дабіраецца на сваім аўто, далей едзе на аўтобусе. Вечарам жанчына такім жа чынам вяртаецца. І так кожны дзень. Машына на працягу дня стаіць недалёка ад прыпынку каля загараднай трасы. І ўсе пра гэта ведаюць, піша «Рэгіянальная газета».

— 3 чэрвеня работнікі дарожнай арганізацыі абкошвалі ўзбочыны дарогі і ўбачылі, што нейкі мужчына штурхае рукамі машыну, — распавялі ў крымінальным вышуку Мядзельскага РАУС. — Яны ведалі жанчыну-ўладальніцу машыны і былі ў курсе схемы яе паездак. Калі мужчыны падышлі бліжэй, аўтамабіль ужо з’ехаў правым бокам у кювет. Шкло ў дзвярах кіроўцы было разбітае. Касільшчыкі зразумелі: гэта злачынства. Яны хуценька затрымалі ўгоншчыка і выклікалі міліцыю.

Фігурант — 47-гадовы мясцовы жыхар — раней судзімы, цяпер нідзе не працуе. Летась вызваліўся з калоніі, дзе адбываў пакаранне за забойства.

Мужчына прызнаўся, што хацеў скрасці аўто і прадаць. Для гэтага паспрабаваў пракруціць замок шрубоўкай — не ўдалося. Вырашыў штурхаць машыну з заблакаваным рулём, а тая з’ехала з дарогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0