Разрэз Сенатарскай залы ў палацы Сапегаў у Гародні. Каля 1726 года. Аўтарам праекту перабудовы палацаў Сапегаў на Рынку для патрэбаў двара і сойма быў Іаахім Даніэль Яўх. Большасць дабудаваных частак палаца былі драўляныя. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

Разрэз Сенатарскай залы ў палацы Сапегаў у Гародні. Каля 1726 года. Аўтарам праекту перабудовы палацаў Сапегаў на Рынку для патрэбаў двара і сойма быў Іаахім Даніэль Яўх. Большасць дабудаваных частак палаца былі драўляныя. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

Яшчэ ў апошняй чвэрці XVІ стагоддзя кароль Стэфан Баторый (гл. пра яго артыкул Андрэя Скурко ў № 4/2019 «Нашай гісторыі»), які любіў і часта наведваў Гародню, пачаў перабудову колішняга замка Вітаўта ў сучасны маньерыстычны, познерэнесансны палац. Праўда, давесці справу да канца не паспеў. У першай палове XVІІ стагоддзя замак актыўна дабудоўвалі Жыгімонт ІІІ і Уладзіслаў IV Вазы, што праводзілі тут нямала часу і нават прымалі паслоў. 

Трынаццацігадовая вайна з Расіяй 1654—1667 гадоў не пашкадавала Стары замак, як і шматлікія іншыя мясціны тагачаснай Літвы.

Сталічная Вільня таксама ляжала ў руінах, у тым ліку і палац вялікіх князёў, які ўжо ніколі не аднаўляўся. У такіх умовах менавіта Гародня стала адным з галоўных цэнтраў палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай. Што ўвасобілася ў рашэнні 1673 года, каб кожны «трэці сойм станаў Кароны і ВКЛ… адпраўляўся у ВКЛ, у горадзе Гародні». 

Соймавае места

Першапачаткова горад быў зусім непрыстасаваны, каб прымаць такую колькасць шляхты і каралеўскі двор. У 1670-х гадах замак адрамантавалі, і ў наступныя два дзесяцігоддзі тут адбылося тры соймы. Але ўжо тады паслы жаліліся на «невыгоды мізэрнага і дрэнна забудаванага горада». 

Урачысты ўезд Аўгуста ІІІ у Варшаву 25 лістапада 1734 года. Фрагмент карціны Ёгана Самуэля Мока, 1734—1735 гады. Такія працэсіі можна было бачыць і ў Гародні: падчас пачатку працы сойма, дня нараджэння караля. Усе ролі былі старанна размеркаваныя. Улучанымі ў іх былі і гледачы — звычайныя гарадзенцы. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

Урачысты ўезд Аўгуста ІІІ у Варшаву 25 лістапада 1734 года. Фрагмент карціны Ёгана Самуэля Мока, 1734—1735 гады. Такія працэсіі можна было бачыць і ў Гародні: падчас пачатку працы сойма, дня нараджэння караля. Усе ролі былі старанна размеркаваныя. Улучанымі ў іх былі і гледачы — звычайныя гарадзенцы. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

Вялікая Паўночная вайна пачатку XVIII стагоддзя прынесла Гародні новыя спусташэнні. Стары замак быў цалкам разбураны, а яго аднаўленне вымагала значных сродкаў. У выніку ў 1710—1720-х гадах для каралеўскай рэзідэнцыі ды пасяджэнняў сената і пасольскай ізбы прыстасавалі палацавыя будынкі Сапегаў на Рынку. Тут прайшлі соймы 1718, 1726, 1729 і 1730 гадоў. Але памяшканні не задавальнялі ні каралеўскі двор, ні шляхту. Таму пасля 1726 года ў Аўгуста ІІ нарадзілася ідэя ўзвядзення новага палаца. 

Гэта супала з вялікай будаўнічай актыўнасцю магнатаў у 1720—1730-х гадах. У час сойма цэны на арэнду ў Гародні ўзляталі, таму кожны марыў пра ўласную нерухомасць. Пабудавалі ці перабудавалі старыя свае рэзідэнцыі Сапегі, Радзівілы, Бжастоўскія, Масальскія, Пацы, Агінскія, Сангушкі, Валовічы і іншыя. Палацы і двары ў горадзе тады былі збольшага драўляныя, а таму часта цярпелі ад пажараў. Квітнелі каталіцкія кляштары і іх гаспадарка. 

Праўда, дэмаграфічнага і эканамічнага выбуху, як у тагачаснай Варшаве, не адбылося. Нават нягледзячы на пазнейшую гаспадарчую актыўнасць Антонія Тызенгаўза (гл. пра яе артыкул Андрэя Вашкевіча ў № 1/2018 «Нашай гісторыі»), напрыканцы стагоддзя насельніцтва Гародні складала ўсяго 5—6 тысяч чалавек. 

Каралеўскі баўамт

Маштабнае будаўніцтва ў Рэчы Паспалітай ініцыявалі не толькі магнаты, але і каралеўскі двор. Узорам дзяржаўнай мадэлі і крыніцай культурных уплываў для Аўгуста ІІ і яго сына была Францыя. Не дзіўна, што менавіта па яе прыкладзе ў саксонскай сталіцы Дрэздэне стварылі адмысловую дзяржаўную ўстанову — Обербаўамт, што перакладаецца з нямецкай мовы як Галоўная будаўнічая служба. 

Для Кароны і Літвы з 1710 года працавала філія гэтай установы — Каралеўскі баўамт у Варшаве (Das Königliche Bauamt in Warschau). Гэтая служба, узначаленая саксонскімі архітэктарамі, і займалася гарадзенскімі палацамі. 

Новы замак у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Рэканструкцыя Мечыслава Яна Супрона.

Новы замак у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Рэканструкцыя Мечыслава Яна Супрона.

Першыя эскізныя праекты новага каралеўскага палаца паўсталі ў 1733—1736 гадах, напэўна, з удзелам Матэуса Даніэля Пёпельмана, архітэктара комплексу Цвінгер і іншых барочных жамчужын Дрэздэна. Але больш адпаведным каралю Аўгусту ІІІ, які ўзначаліў Рэч Паспалітую пасля свайго бацькі Аўгуста ІІ і падхапіў яго ідэю з замкам у Гародні, падаўся маштабны праект сына Пёпельмана — Карла Фрыдрыха. Гэта быў уплывовы ў канцы 1730-х у Варшаве архітэктар, які ўзначаліў там самастойнае архітэктурнае бюро і фактычна атрымаў роўныя магчымасці з кіраўніком Баўамта Іаахімам Даніэлем Яўхам. 30 кастрычніка 1738 года праект пабудовы Новага замка быў зацверджаны, а заадно падпісаны кантракт на яго рэалізацыю ў наступныя чатыры гады. 

Новы каралеўскі палац

Асноўныя працы на Новым замку былі скончаныя ў 1742 годзе. Будынак змяшчаў сенатарскую і пасольскую залы ў левым крыле і каралеўскія пакоі ў правым — гэтак сімвалічна паядноўваліся дзве галіны ўлады. У цэнтры паміж імі знаходзіўся круглы італьянскі салон, на восі якога з боку саду ў 1752 годзе дабудуюць вялікую капліцу. Яшчэ два асобныя будынкі занялі маршалкоўская кухня і канцылярыя. На тэрасе за будынкам быў прадугледжаны невялікі сад з шырокімі праспектамі для пышных урачыстасцяў, так уласцівых саскаму двару. 

Агароджа і канструкцыя брамы са скульптурамі сфінксаў і пуці запазычана з дрэздэнскага Галандскага палаца, архітэктарам якога быў Пёпельман-старэйшы.

Самі скульптуры, як і іншыя пластычныя элементы аздобы палаца, выканаў першы каралеўскі скульптар Ёган Георг Плерш. 

Другое жыццё Старога замка

У сувязі з будаўніцтвам Новага замка пачалося аднаўленне Старога, стан якога быў «крыху лепшым за кучу смецця» — прынамсі, так яго апісваў у 1706 годзе англійскі пасол у Расіі барон Чарльз Уітварт. 

Праект адбудовы прыкладна ў 1740 годзе зрабіў усё той жа Карл Фрыдрых Пёпельман. Фасады Старога замка ўпрыгожылі пілястры з барочнымі картушамі, вокны набылі прамавугольную форму з фігурнымі ліштвамі, дах стаў высокім чатырохсхільным з трыма мансардавымі вокнамі, крыты хвалістай дахоўкай. Інтэр’еры аздобілі печы з распісной кафляй. Як згадваюць яшчэ інвентары сярэдзіны XVII стагоддзя, у замку існаваў італьянскі «садок пры браме», знішчаны пазней падчас ваенных дзеянняў. Пёпельман палічыў неабходным аднавіць яго на тым самым месцы. 

Стары замак у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Такі выгляд замка не толькі добра захаваўся, але яшчэ і найлепш дакументалізаваны: да нас дайшлі шматлікія тагачасныя графічныя планы і пісьмовыя крыніцы. Рэканструкцыя Мечыслава Яна Супрона.

Адбудаваны ў французскім стылі Стары замак склаў з Новым арганічны палацавы комплекс. Для яго было адведзена шэраг важных функцый. Яшчэ ў 1746 годзе кароль выдзеліў тут памяшканні для органаў улады Гарадзенскага павета: канцылярыі, гродскага і земскага судоў ды іх архіваў. Згодна з інвентаром 1769 года, у замку яшчэ размясціліся архіў Скарбовай камісіі ВКЛ, скарб і скарбніца, меўся пакой для скарбовага намесніка. Іншыя пакоі былі цалкам абсталяваныя для камфортнага жыцця службоўцаў. Гэта былі памяшканні дастатковага ўзроўню, каб у апартаментах пры неабходнасці мог спыніцца нават падканцлер літоўскі Яўхім Храптовіч.

Двор аднаго караля і трох дзяржаў у Гародні

Каралям з дынастыі Ветынаў ставяць у дакор, што тыя замала часу праводзілі ў Рэчы Паспалітай. Гэта тлумачылася складанай і дарагой лагістыкай. У 1740-х гадах толькі службовых асоб дрэздэнскага двара налічвалася больш за 700 чалавек, падзеленых на асобныя інстытуцыі: сакратарыят, кухня, паляванне, тэатр, варта і іншыя. Да іх яшчэ трэба дадаць амаль сотню прыдворных. 

Два асноўныя шляхі з Дрэздэна ў Варшаву ішлі праз Уроцлаў і Познань, абодва каля 650 км. З Варшавы да Гародні — 280 км. Але каралеўская сям’я наведвала Рэч Паспалітую даволі рэгулярна, паколькі фармальна вырашаць яе дзяржаўныя справы манарх мог толькі тут. Агулам за сваё 29-гадовае панаванне Аўгуст ІІІ правёў у Рэчы Паспалітай каля 40% свайго часу. У Гародні кароль быў двойчы падчас соймаў: з верасня да канца лістапада 1744 года і з сярэдзіны верасня да пачатку лістапада 1752-га. 

Пасля прыбыцця кароль з каралевай займалі пакоі першага паверха правага крыла Новага замка. Прыдворныя мелі апартаменты на другім паверсе: пакоі ў левым крыле займаў першы міністр, наступныя тры — прыдворны капелан, у галоўным корпусе — каралеўскія дзеці і іх слугі, у правым крыле — «фраўцымер» (пакоі прыдворных дам) на чале з ахмістрыняй графіняй Калаўрат. У памяшканнях кухні маршалкоўскай — саксонскі обер-гофмаршал, кухмістр і лоўчы. Частку мэблі, посуду і іншага начыння на гэты час прывозілі з Дрэздэна і Варшавы. 

План фасада кардэгардыі Новага замка. Карл Фрыдрых Пёпельман, 1738 год. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

План фасада кардэгардыі Новага замка. Карл Фрыдрых Пёпельман, 1738 год. Фота Hauptstaatsarchiv Dresden.

Жыццё прыдворнай супольнасці было насычанае падзеямі. Найбольш значнымі з’яўляліся адкрыццё сойма і дзень нараджэння караля з параднымі працэсіямі, аўдыенцыямі, абедамі і балямі. Святкавалі дзень нараджэння караля звычайна два дні. У банкеце маглі ўдзельнічаць часам да 150 з лішкам гасцей: мясцовыя магнаты, саксонскія прыдворныя і замежныя паслы. Стол сервіравалі срэбным посудам. Банкет цягнуўся некалькі гадзін з трыма зменамі страў і грандыёзнымі барочнымі кандытарскімі вырабамі ў канцы. А «за здароўе караля пілі пад гукі труб, барабанаў і гарматных стрэлаў». 

З Гародняй Аўгуста ІІІ звязвалі не толькі дзяржаўныя справы, але і яго любімая забава — паляванне. У ваколіцах кароль меў драўляную вілу на Нёмане (напэўна, у Панямуні) і паляўнічы двор у Стрыеўцы. 

У сэрцы палітычнага жыцця 

Комплекс Новага і Старога замкаў, акрамя практычных, выконваў і важныя сімвалічныя функцыі. Палац як дом караля быў месцам, дзе разгортвалася палітычнае жыццё і чынілася гісторыя. Пра перавагу над іншымі будынкамі і адасобленасць каралеўскай рэзідэнцыі сведчылі як архітэктурныя рысы, так і само размяшчэнне на ўзгорках над горадам. 

Аўгуст ІІІ ужо самім палацавым комплексам нібы казаў, што прыйшоў час узмацніць манархію. Ён марыў павялічыць войска, правесці рэформу скарбу, абмежаваць шляхецкія прывілеі, каб дзяржава перастала пакутаваць ад liberum veto, свавольства магнацкіх груповак, слабасці выканаўчай улады.

Але шляхта працягвала лічыць палітычны лад краіны ўзорным і супраціўлялася зменам, зрываючы соймы. За імі стаялі інтарэсы Расіі і Прусіі ды іх шчодрыя «субсідыі». Дарэчы, самы драматычны сойм, 1793 года, праходзіў у Гародні. Апошні кароль Рэчы Паспалітай пасля свайго адрачэння жыў у Новым замку яшчэ да 15 лютага 1797 года (гл. пра гэты перыяд яго жыцця артыкул Наталлі Васілюк у № 8/2019 «Нашай гісторыі»). Пасля гэтага надышоў канец некалі бліскучай гісторыі каралеўскай рэзідэнцыі.

Пазнейшы лёс замкаў

Падчас войнаў з Напалеонам Гародня стала памежным горадам, і ў расійскіх уладаў быў праект ператварэння яе ў горад-крэпасць. Новы замак мог быць нават часткова разбураны. Але, на шчасце, пасля 1815 года мяжа адсунулася далёка на захад, што зрабіла гэтыя планы неактуальнымі. У ХІХ стагоддзі Новы замак стаў выконваць функцыі правінцыйнага шпіталя, а Стары — афіцэрскага сходу і казармаў. Яны перажылі некалькі рамонтаў і страцілі большасць сваіх дэкаратыўных элементаў. У міжваенны час існавалі праекты іх аднаўлення, але, акрамя мінімальна неабходных рамонтных прац, нічога так і не было зроблена. 

Стары замак стаў музеем. 

Летам 1944 года Новы згарэў, а пасля рэканструкцыі ў 1950-х гадах стаў сядзібай аблвыканкама. Сёння ў будынку месцяцца залы гісторыка-археалагічнага музея. 

Гербавы картуш з франтона галоўнага корпуса Новага замка. Фота Ежы Гопена, 1940 год. Пасля ўваходжання Гародні ў склад Расійскай імперыі герб быў скінуты і праляжаў ля замкавай агароджы некалькі гадоў. Картуш выратаваў Станіслаў Солтан, удзельнік паўстання 1794 года, які з дазволу ўладаў вывез яго ў свой маёнтак Бераставіца Мураваная. Ужо ў міжваенны час герб адшукаў і вярнуў у Гародню Юзаф Ядкоўскі. Доўгі час картуш знаходзіўся пад адкрытым небам. Толькі ў 2013 годзе ён быў усталяваны пад дахам ля ўвахода ў Новы замак, дзе яго можна пабачыць і зараз. Фота Lietuvos nacionalinis dailes muziejus.

Гербавы картуш з франтона галоўнага корпуса Новага замка. Фота Ежы Гопена, 1940 год. Пасля ўваходжання Гародні ў склад Расійскай імперыі герб быў скінуты і праляжаў ля замкавай агароджы некалькі гадоў. Картуш выратаваў Станіслаў Солтан, удзельнік паўстання 1794 года, які з дазволу ўладаў вывез яго ў свой маёнтак Бераставіца Мураваная. Ужо ў міжваенны час герб адшукаў і вярнуў у Гародню Юзаф Ядкоўскі. Доўгі час картуш знаходзіўся пад адкрытым небам. Толькі ў 2013 годзе ён быў усталяваны пад дахам ля ўвахода ў Новы замак, дзе яго можна пабачыць і зараз. Фота Lietuvos nacionalinis dailes muziejus.

А што цяпер?

Гародня даўно чакае аднаўлення колішняй каралеўскай рэзідэнцыі — Новага і Старога замкаў. Сённяшні будынак на замкавым дзядзінцы — гэта ў першую чаргу аўтэнтычны помнік сярэдзіны XVIII стагоддзя, узведзены на руінах палаца часоў Баторыя і Вазаў. Яго аблічча толькі нязначна зменена цягам наступных двух стагоддзяў і магло б быць адноўлена цяпер. Але абраны іншы падыход — вярнуць Стары замак у часы Баторыя. Але, каб аднавіць замак у гэтым выглядзе, не хапае гістарычных крыніц, што прыводзіць да сур’ёзных памылак і адвольных дапушчэнняў. У выніку губляецца большасць пазнейшых архітэктурных напластаванняў, разбураецца натуральная гістарычная сувязь з Новым замкам, на тэрыторыі паўстаюць неабгрунтаваныя новыя аб’екты.

У лютым 2020 года група вядомых польскіх экспертаў наведала Стары замак. Узровень захаванасці помніка менавіта на саскі час выклікаў у спецыялістаў сапраўднае захапленне. У выніковым дакуменце яны адзначылі «гістарычную і навуковую каштоўнасць аўтэнтычных частак каралеўскага палаца XVII і XVIII стагоддзяў і неабходнасць іх захавання, як агульнай культурнай спадчыны». На жаль, пакуль гэта ніяк не паўплывала на праект рэстаўрацыі. 

Застаецца надзея, што рэканструктары прынамсі ў будучыні ўлічаць памылкі абранага падыходу і патэнцыяльнае аднаўленне Новага замка стане годным ушанаваннем каштоўнай спадчыны XVIII стагоддзя і каралеўскага мінулага Гародні.

Аўтар выказвае сардэчную падзяку за прадстаўленыя матэрыялы і дапамогу ў напісанні артыкула Яўгену Аснарэўскаму, Андрэю Вашкевічу, Міколу Волкаву і Мечыславу Яну Супрону

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?