З прычыны працоўнай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць 7 красавіка Аляксандра Лукашэнкі ў Светлагорску міліцыі загадалі здаць службовую зброю, а на месцы прызямлення дэмантавалі электрычныя слупы.

Частку электрычных слупоў каля аўтазаправачнай станцыі, што побач з вёскай Чыркавічы на дарозе Бабруйск‑Светлагорск, знялі, каб верталёту беларускага кіраўніка было зручна прызямліцца ля АЗС, піша старонка Regionby.org.

Хоць літаральна насупраць знаходзіцца поле былога спартыўнага аэрадрому. Што праўда, асфальту туды няма.

Раніцой работнікаў малочнага заводу ў пасёлку Мядкоў, які знаходзіцца паміж Чыркавічамі і Светлагорскам, вывелі ў белых халатах збіраць смецце ўздож дарогі.

У горадзе для прыборкі смецця ля прамысловай зоны задзейнічалі навучэнцаў.

Удзень на доўгі час быў закрыты ўезд у горад з шашы, па якой праязджаў Лукашэнка, а таксама зменшаны аўтобусны рух з мясцовай аўтастанцыі.

Аляксандар Лукашэнка пабываў на вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно», якое ўваходзіць у канцэрн «Белнафтахім».

Па словах аднаго з работнікаў упраўлення прадпрыемства, апошнія гады яно працуе фактычна з нулявым прыбыткам.

«Калі б не датацыі за кошт нафтаперапрацоўчых заводаў, нашае прадпрыемства ляснула б», – лічыць спецыяліст.

Паводле паведамлення афіцыйных крыніц, мэтай наведвання «Хімвалакна» было «азнаёмленне з работай прамысловага комплексу ў сучасных умовах».

Кіраўніка дзяржавы суправаджала вялізарная ахова.

Ёсць інфармацыя, што на час прыезду Аляксандра Лукашэнкі мясцовай міліцыі загадалі здаць службовую зброю, пакінуўшы яе толькі мінімальнаму саставу дзяжурных супрацоўнікаў.

У сувязі з гэтым тутэйшыя людзі ўзгадваюць, што ў Светлагорскім РАУС пачынаў службу следчы Юрый Захаранка, ураджэнец суседняга Рэчыцкага раёну і экс‑міністр унутраных спраў, які знік пры загадкавых абставінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?