Андрэй Барбашынскі (зьлева) у камандзе СКА (Менск). Фота з сайту handballfast.com, дазвол на выкарыстаньне ад рэдактара Сяргея Новікава

Андрэй Барбашынскі (зьлева) у камандзе СКА (Менск). Фота з сайту handballfast.com, дазвол на выкарыстаньне ад рэдактара Сяргея Новікава

«Рана ці позна рынак адновіцца, але ўжо цяпер можна прагназаваць, што дакладна ня будзе так, як раней». Горадзенскі бізнэсовец і алімпійскі чэмпіён у гандболе Андрэй Барбашынскі расказвае пра наступствы каранакрызісу, адтэрмінаваныя спартовыя праекты і беларускамоўны напамін бацькі.

Андрэй Барбашынскі — прыклад удалага сымбіёзу спартовага функцыянэра і бізнэсоўца. У якасьці намесьніка старшыні Фэдэрацыі гандболу Беларусі зьяўляецца куратарам розных пакаленьняў — вэтэранаў і дзяцей. У асноўным засяроджаны на сваім рэгіёне — так эфэктыўней. З другога боку, ён вядомы прадпрымальнік, дырэктар кампаніі Belabedding, якая выпускае артапэдычныя ложкі і матрацы. Свабода пацікавілася, як пандэмія паўплывала на спартовае і эканамічнае плянаваньне.

Алімпійскі трыюмф за каманду-фантом

Сёлета ў траўні ўраджэнец Ашмянаў адзначыў 50-гадовы юбілей. Ён адзін зь нешматлікіх беларусаў, каму ўдалося здабыць алімпійскае золата ў гульнявых дысцыплінах. Здарылася гэта ў 1992-м у Барсэлёне, дзе была заяўлена аб’яднаная каманда рэспублік былога СССР.

З удзельнікамі міжнароднага дзіцячага турніру ў Ашмянах

З удзельнікамі міжнароднага дзіцячага турніру ў Ашмянах

За чатыры гады да таго ў складзе савецкай гандбольнай зборнай у рангу трыюмфатара вярнуўся з Сэула іншы славуты ашмянец Аляксандар Каршакевіч. Але за наступны час Саюз разваліўся, а нацыянальныя зборныя сфармаваць так і не пасьпелі. У выніку Андрэй Барбышынскі разам з горадзенцам Андрэем Мінеўскім і случаком Міхаілам Якімовічам прэзэнтавалі наддзяржаўнае ўтварэньне-фантом.

Зрэшты, сытага жыцьця высокі статус не забясьпечыў. Прэміяльныя па інэрцыі яшчэ выдавалі ў Маскве, сыстэма тая ж, што і за савецкім часам. Атлет здабываў, а каляспартовыя чыноўнікі дзялілі паміж сабой. Ягонае золата ацанілі крыху больш за 2500 даляраў. У выніку хапіла толькі на старыя, але па тым часе дэфіцытныя «Жыгулі». Нічога адкласьці не ўдалося.

Згадвае, што нават пасьля Барсэлёны даводзілася халтурыць — гэтаксама, як у маладосьці ў менскім спартовым інтэрнаце, калі разгружалі вагоны з шчэбенем. Банальна не было за што купіць хлеб.

Хоць і быў супэрзоркай, пра якую ў сваім складзе марыў любы супэрклюб, на нейкі час наогул выпаў з гандболу. Прайшоў праз паласу дрэнных звычак — кожнаму было за гонар падняць чарку з чэмпіёнам. Але справіўся, гучна вярнуўся ў спорт. Нават адмовіўся ад чатырох грамадзянстваў — расейскага, гішпанскага, вугорскага, нямецкага. Канкурэнты спакушалі непараўнальна лепшымі матэрыяльнымі ўмовамі, чым былі ў Беларусі, ды нічога не атрымалася.

Тыя часы алімпіец згадвае па-філязофску: каб не суровыя выпрабаваньні, невядома, ці ўдалося б дасягнуць цяперашняга статусу.

Міжнародны турнір перанесьлі на восень

У Горадні, дзе ўжо шмат гадоў жыве ягоная сям’я, на грамадзкіх пачатках папулярызуе любімы спорт. Так, арганізаваў адкрыты чэмпіянат вобласьці сярод мужчын і жанчын з удзелам вэтэранскіх камандаў. А ў родных Ашмянах, ганаровым грамадзянінам якіх стаў па сукупнасьці заслуг, запрацавала дзіцяча-юнацкая спартовая школа імя Барбашынскага. Тут праходзіць міжнародны дзіцячы турнір на прызы ўганараванага гандбаліста — прыяжджаюць юныя выхаванцы з Армэніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расеі, Украіны. Праўда, каранавірус пляны парушыў.

«Мы разьлічваем, што ад 1 жніўня будзе дазволена праводзіць спаборніцтвы сярод падлеткаў. Адпаведна, пачнецца нармальны працэс — трэнавальны, гульнявы.

Міністэрства забараніла масавыя зборы, упраўленьне спорту аблвыканкаму таксама. Нават каб вельмі захацелі, ніхто не дазволіць. Таму праінфармавалі партнэраў, якія пацьвердзілі свой удзел у турніры, што пераносім яго на 17 верасьня. Ясна, калі ня здарыцца форс-мажору. Тое ж тычыцца і адкрытага чэмпіянату вобласьці сярод мужчын і жанчын — згуляем туры пазьней, можа нават у кастрычніку».

Гістарычна склалася, што Горадня яшчэ ў міжваенны пэрыяд была баскетбольным анклявам Другой Рэчы Паспалітай. Захаваліся гэтыя традыцыі і за савецкім часам: у 1972-м Іван Ядэшка прынёс гораду калектыўнае алімпійскае золата са зборнай СССР.

Потым прыйшоў час футболу. Яшчэ адзін славуты зямляк, ураджэнец старажытных Баруноў Сяргей Гарлуковіч, у 1988 годзе стаў алімпійскім чэмпіёнам з савецкай камандай у Паўднёвай Карэі. Цяпер сродкі ідуць у хакей — «Нёман» змагаецца за найвышэйшыя пазыцыі ў чэмпіянаце краіны, сталы ўдзельнік эўракубкаў. Ці не апынуўся гандбол у цені канкурэнтаў?

«Сапраўды, у Горадні ёсьць хакейны чэмпіён краіны, таму нашай дзіцячай спартовай школе ці камандзе «Кронан» складана пераплюнуць такія вынікі. Тым ня менш я не лічу, што гандбол цяпер у цені. Гульня папулярная, ёй займаецца дастатковая колькасьць і хлопчыкаў, і дзяўчатак, якія могуць вырасьці ў патэнцыйна здольных гульцоў. І чым больш будзе выхаванцаў, тым лепш, гэта адна з нашых мэтаў. Нават калі зь іх не атрымаецца высакаклясных спартоўцаў, яны будуць здаровымі, загартаванымі людзьмі».

Два сыны Барбашынскіх таксама займаюцца спортам.

Старэйшы Мацьвей такі ж фактурны, як бацька — у 15 гадоў мае 195 см росту. Выступае за зборную гораду на турнірах Zubr Cup, да яго прыглядаецца менскі СКА.

Захар на пяць гадоў меншы, вырашыў адысьці ад сямейнай традыцыі і падаўся ў баскетбалісты. А надзейны спартовы і побытавы тыл — жонка Ірына: цягам усяго іх сумеснага жыцьця галоўная судзьдзя і заўзятарка.

Як са спартоўца стаў бізнэсоўцам

Андрэй Барбашынскі нарадзіўся 4 траўня 1970 году ў Ашмянах на Горадзеншчыне. У 12-гадовым узросьце трапіў да трэнэра дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віктара Рамулевіча. Кажа, што ад маленства быў надзвычай матываваны. Спачатку трапіць у каманду вобласьці, затым у рэспубліканскі інтэрнат. Адтуль у моладзевую і галоўную зборную СССР. Сцэнар выконваўся нават з апярэджаньнем.

З улікам магутнай фактуры — два мэтры ростам — хутка трапіў на заметку да рэкрутаў. У 18 гадоў быў запрошаны ў менскі СКА пад кіраўніцтвам выбітнага трэнэра Спартака Мірановіча. Практычна адразу ж Андрэя выклікалі ў моладзевую каманду Саюзу, зь якой стаў чэмпіёнам сьвету. Пасьля гэтага адбылося падвышэньне ў клясе і новае дасягненьне — алімпійскае золата 1992 году.

Пасьля падзеньня жалезнай заслоны многія экс-савецкія спартоўцы скіравалі свой позірк за мяжу, у іх ліку і Андрэй Барбашынскі. Адзін сэзон адгуляў у гішпанскім клюбе «Хувэнтуд», пасьля чаго з дэпрэсіўным паўгадавым перапынкам зноў вярнуўся ў СКА. У гэты час рэгулярна выклікаўся ў зборную Беларусі, але вялікіх посьпехаў каманда не здабыла.

А затым зноў выправіўся ў Эўропу: вугорскі «Фотэкс», нямецкія «Гамэльн» і «Эмсдэтэн». Менавіта апошняе месца стала лёсавызначальным. У невялікім гарадку Эмстдэтэн, дзе ён стаў мясцовай знакамітасьцю зь мянушкай Барба, пазнаёміўся з уладальнікамі сямейнай кампаніі Fey&Co, гісторыя якой налічвае без малога 100 гадоў. Зайшла размова пра будучыню — немагчыма ж выступаць вечна. Так паміж гульнямі асвоіў этапы вытворчага працэсу. Перабазаваўся ў офіс, атрымаў мэнэджарскія навыкі. Ну і стаў паліглётам: нямецкая мова цяпер як родная.

Пазьней атрыманы досьвед выліўся ў залучаныя на радзіму інвэстыцыі. Але пакуль пачалі вырабляць невялікія партыі ў Беларусі, давялося панэрвавацца. Артапэдычныя рашоткі рабілі з буку, а ён рос у Чачэніі і Краснадарскім краі. Езьдзіў, дамаўляўся, нагледзеўся рознага. Успамінае, што чачэнскія партыі ў пачатку 2000-х прыходзілі з асколкамі снарадаў.

А ў 2006 годзе ў Новай Гожы пад Горадняй вырасьлі сучасныя карпусы фабрыкі Belabedding, адкуль выходзіць элітная прадукцыя для спальняў: высокатэхналягічныя матрацы для дарослых і дзяцей, падушкі з эфэктам памяці, коўдры і многае іншае. Першымі ў краіне пачалі выпускаць «кантынэнтальныя ложкі» са спружынным каркасам Boxspringbett.

«Сон павінен быць якасным», — сустракае наведнікаў сайту заклік дырэктара кампаніі Андрэя Барбашынскага. На гэтай пасадзе ён наёмны работнік, хоць партнэры прапаноўвалі стаць уласьнікам. Але яму больш даспадобы заставацца кіраўніком-мэнэджарам. Калі толькі пачыналі, у штаце было меней за 40 чалавек. Цяпер — дзьве сотні. Да 90% прадукцыі ідзе на экспарт: ЗША, Эўразьвяз, багатыя краіны арабскага сьвету. А ці якасны сон асабіста ў яго, калі каранакрызіс абваліў сусьветныя рынкі?

«У нас экспартна арыентаванае прадпрыемства, на ўнутраным рынку мы прадстаўленыя ня так істотна. Зрэшты, нейкую частку ўсё роўна тут маем, таму прытрымліваем, ня скідваем з рахункаў. Хоць, зыходзячы нават з афіцыйнай статыстыкі, колькасьць людзей зь мінімальнымі даходамі расьце. У каго заробак 250 даляраў, няўжо ён будзе думаць пра мэблю, пра новы матрац? Таму прыдумляем дабротныя рэчы зь меншым сабекоштам, каб чалавек менш аддаў за аналягічны тавар, а зэканомленыя грошы патраціў на дзяцей, на сябе прыгожага-любімага».

Пандэмія не прычына, каб не прыходзіць у офіс

Паводле бізнэсоўца, на распаўсюд каранавірусу і, як вынік, скарачэньне спажывецкага попыту, адрэагавалі ў тым ліку асноўныя рынкі збыту за мяжой. Нямала гандлёвых сетак, буйных лягістычных прадпрыемстваў аб’явілі сябе банкрутамі, даводзіцца наноў пракладаць шляхі да пакупніка.

«Рынак як быў, так ён і застаўся, напаўняць яго неабходна. Пытаньне толькі ў тым, дзе і якім чынам перасякуцца нашы шляхі з пакупнікамі. Таму разглядаем новыя прадукты, новыя калекцыі, новыя гісторыі, каб стаць больш даступнымі. Рана ці позна ўсё адновіцца, але ўжо цяпер можна прагназаваць, што дакладна ня будзе так, як раней. А што тычыцца дзейнасьці, як працавалі, так і працуем, хоць і стала складаней — паўтаруся, рынкі адчувальна праселі. Прынамсі спадзяёмся, што здолеем перажыць чэрвень і ўжо па выніках ліпеня значна палепшым паказьнікі».

Адрозна ад бальшыні беларускіх вытворцаў, якія ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі стараюцца «не заўважаць» каранавірус, на сайце кампаніі Belabedding пералічваюцца захады дзеля выключэньня заражэньня — ад абавязковага мыцьця рук да хатняга рэжыму ў выпадку пагаршэньня самаадчуваньня.

  • Абмежавалі міжнародныя паездкі ў краіны зь любым узроўнем рызыкі
  • Супрацоўнікі, якія вярталіся з-за мяжы, мелі 14-дзённы выходны
  • Увялі абавязковы кантроль для наведнікаў кампаніі
  • Віртуальныя сустрэчы і канфэрэнц-званкі замест асабістых
  • Павялічылі частату дэзынфэкцыі на прадпрыемстве, у офісах і транспарце
  • Захавалі звыклы рэжым: вытворчасьць, абслугоўваньне кліентаў, адгрузка прадукцыі.

«Паколькі нерэальна вырабляць прадукцыю дыстанцыйна, зьвесьці кантакты да мінімуму немагчыма, — тлумачыць дырэктар апошні пункт карпаратыўнай інструкцыі. — Так, шэраг спэцыялістаў могуць працаваць дыстанцыйна, але я штодня мушу быць у офісе. Ну і, вядома, няма сёньня такіх паездак, як яшчэ паўгода таму. Што тычыцца асабістай засьцярогі, абмяжоўваю маршрут ад дому да працы ці ў краму. Каб падыхаць паветрам і меней было кантактаў, едзем зь сям’ёй у парк ці за горад. Пабылі, закупіліся па дарозе прадуктамі — і дахаты».

Прынцыповы погляд на беларускую мову

Найбольшыя нязручнасьці ад пандэміі — у стасунках з татам і мамай. Пажылыя бацькі Андрэй Барбашынскага жывуць у Ашмянах, кантакты зь імі давялося прыпыніць.

«Пакуль жывыя бацькі, я застаюся дзіцем, хоць і вялікаўзроставым. Адзінае, у сувязі з каранавірусам стараюся не турбаваць. Штодня кантактую зь людзьмі, якія, у сваю чаргу, маюць свае кантакты. Дзе і з кім яны бавяць час, ня ведаю. А значыць, уяўляю сабой патэнцыйную крыніцу заразы. І меней за ўсё жадаў бы перадаць яе бацькам. Ужо пажылыя, трэба іх паберагчы. Таму часьцей абняць, прытуліць, на жаль, не ўдаецца. Але ў галаве заўсёды чую словы таты: «Сынок, пакуль ёсьць магчымасьць прыехаць, прыяжджай. Бо заўтра захочаш, а ня будзе куды».

Дзьмітрый Кашкан і Андрэй Барбашынскі з ЦСКА падчас матчу Чэмпіянату СССР па гандболе сярод мужчын у Маскве. 1 студзеня 1991 году

Дзьмітрый Кашкан і Андрэй Барбашынскі з ЦСКА падчас матчу Чэмпіянату СССР па гандболе сярод мужчын у Маскве. 1 студзеня 1991 году

Свайго бацьку Андрэй Барбашынскі працытаваў па-беларуску. Потым на родную мову пераходзіў яшчэ неаднаразова, што для заходняга беларуса цалкам арганічна. А як ставіцца да калегаў-спартоўцаў, якія грэбліва выказваюцца пра «мёртвы язык»? Апошнім такім прыкладам — алімпійская прызэрка, вясьлярка Маргарыта Махнева, якая заявіла «Прессболу», што беларуская мова «нікому не патрэбна».

«Разумею, што выказала сваю пазыцыю. Але як па мне, дайце ёй вясло, хай адграбае далей… Паслухайце, чалавек тут нарадзіўся, жыве — і кажа, што беларуская мова ня мае будучыні. Ну гэта абсурд! Хоць бы крыху думала. Згодны, чыста па-жыцейску зручней размаўляць па-расейску, так склалася. Але мова — наш падмурак, наша гісторыя. Яе трэба вывучаць, пашыраць, прасоўваць. Вось тады будзе здорава. Колькі людзей, якія прынцыпова размаўляюць па-беларуску — яны што, «непэрспэктыўныя»? Калі беларус, то вельмі кепска, што няма жаданьня гаварыць на роднай мове».

За сваю насычаную спартовую біяграфію Андрэй Барбашынскі пабываў у мностве краінаў, кантактаваў зь вялізнай колькасьцю іншаземцаў. Калі не лічыць колеру скуры, найпершая адметнасьць кожнага — якраз мова.

«Чым мы адрозьніваемся ад палякаў, немцаў, французаў? Перадусім мовай! Пастаўце вас сярод ангельцаў, хто наўскідку скажа, што вы не ангелец? І ня будуць ведаць да таго часу, пакуль не пачняце гаварыць.

Стагодзьдзямі людзі зьмешваліся, насіліся туды-сюды з войнамі, набегамі. Якіх толькі міграцый не было. Але ж кожны народ стараўся захаваць сваю адметнасьць. І што, цяпер я мушу сказаць, што беларуская мова ня мае пад сабой ніякай гістарычнай асновы? Ня будзе такога. А хто не разумее, хай хоць крыху пацікавіцца, хто мы і адкуль…»

Кола кантактаў Андрэя Барбашынскага па-ранейшаму шырокае — і ў асноўнай працы, і ў арганізацыі спартовых імпрэзаў. Акрамя таго, ён па-ранейшаму выходзіць на пляцоўку, выступае за каманду вэтэранаў.

Адзінае, што расчароўвае, — неяк самі сабой страціліся сувязі з сябрамі па СКА, зборных СССР і Беларусі. Столькі разам перажылі, а ў пэўны момант перасталі адзін у адным мець патрэбу. Зрэшты, тое была зусім іншая гісторыя, — падсумоўвае бізнэсовец у рангу алімпійскага чэмпіёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?