Недзяржаўная газэта «Витебский курьер» знаходзіцца ў няпэўным становішчы. Зьявіліся чуткі пра тое, што зь ліпеня газэта сыдзе ў Інтэрнэт. Рэдактар «Курьера» Ўладзімер Базан кажа на гэта: «Празь фінансавыя цяжкасьці трэці месяц супрацоўнікі рэдакцыі не атрымліваюць заробкаў. Частка тэхнічнага пэрсаналу заявіла пра жаданьне звольніцца. Сытуацыя няпростая, але мы яшчэ нічога не вырашалі пра прыпыненьне выхаду».

Праблемы ў віцебскай газэты ўзьніклі ў выніку забароны на распаўсюд дзяржаўнымі манапалістамі «Белпоштай» і «Белсаюздрукам». Яе наклалі з 1 студзеня на 18 недзяржаўных газэтаў з мэтамі здушэньня незалежнае прэсы.

Ня выключана, што з 1 ліпеня можа прыпыніць выхад ня толькі «Кур’ер», але і некаторыя іншыя рэгіянальныя выданьні.

Ад Рэдакцыі. Без свабоднай прэсы ня можа быць свабоднага абмену думкамі, ня зможа нармальна разьвівацца грамадзтва. З гэтым ніхто не спрачаецца, нават камэнтатары БТ. Аднак словы застаюцца словамі. Пад размовы пра «незалежнасьць» улады Беларусі працягваюць выцягваць камень за каменем з фундамэнту нацыі — свабодную прэсу, беларускую мову, грамадзкую ініцыятыву. Анічога не памянялася ў гэтым пляне, — піша блогер Фольксваген.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?