Душа блукае праз дні і ночы
Бяжыць вядзьмарка босая па засьнежаным двары
Брат брата забівае на дарогі ўзбочыне
Адзін брат –я, другі брат – ты

Каханьне прадалі на Захад, а сумленьне
На Ўсход і зразумелі, што ня маем болей
Ні мараў, ні надзеі на хоць нейкае збавеньне
Сядзім і лечым раны танным алкаголем

Беларусь, то наша Беларусь
Беларусь, то наша Беларусь

У нас настаўнік – бомж, а гандляр – кароль
Паэтаў забываемся, а шануем хлусаў
Тут кожны перапісвае гісторыю са столі
Не памяць, а падлізы патрэбны Беларусі

Спажыўцы навокал, людзей не засталося
Хто мне патлумачыць, што з намі адбылося

Беларусь, то наша Беларусь
Беларусь, то наша Беларусь

Душы нашых продкаў з вялікае самотай
Са сьлязьмі ў вачох зь неба пазіраюць
Як жа нам нарэшце выбрацца з балота
Дзе шукацьмем вёслы і човен недзіравы?

Усё ад нас залежыць, куды далей пакрочым
Ці поўзаць будзем вечна, ці ўздымемся з каленяў
Ці будзем слухаць хлусаў ці адчынем вочы
Ці наступіць у душах нашых адраджэньне

Беларусь, то наша Беларусь
Беларусь, то наша Беларусь

Вольны пераклад‑адаптацыя зь літоўскай (арыгінал песьні – Александрас Макеевас «Lietuva XXI»)

Глыбокае-Вільня

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0