Пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэлю з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі ў дачыненні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія адбываюцца ў Беларусі. Тэкст ліста апублікаваны на сайце Аўштравічуса, піша tut.by.

У лісце Аўштравічуса адзначаецца, што ён «непрыемна шакаваны» паводзінамі беларускіх уладаў, якія ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў і грамадзянскіх актывістаў напярэдадні выбараў 9 жніўня.

«Усё больш беларусаў абураныя маніпуляваннем уладай прэзідэнтам Лукашэнкам, і перспектыва свабодных і справядлівых выбараў здаецца змрочнай: рэжым відавочна не мае намеру ствараць роўныя ўмовы для гульні або браць пад увагу даўнія рэкамендацыі Венецыянскай камісіі і Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека», — піша еўрадэпутат. Ён таксама паведаміў, што яго асцярогі падзяляе Анаіс Марын, спецдакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Аўштравічус нагадаў, што апошнія чатыры гады ЕС імкнуўся добрасумленна супрацоўнічаць з Мінскам, падпісаўшы пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія ўступяць у сілу сёлета, а таксама падвоіўшы аб'ём падтрымкі і зладзіўшы тэхнічныя дыялогі па канкрэтных пытаннях.

«Аднак беларускі рэжым не стрымаў сваіх абяцанняў», — лічыць пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Еўрадэпутат прапанаваў Жазэпу Барэлю перанакіраваць сродкі, якія ёсць, арганізацыям грамадзянскай супольнасці, якія адданыя яго каштоўнасцям. Пры гэтым ён адзначыў, што зрабіць гэта будзе няпроста, у сувязі з абмежаваннямі беларускіх уладаў у дачыненні да міжнароднай дапамогі суб'ектам грамадзянскай супольнасці.

«Тым не менш я лічу, што ЕС павінен па меншай меры больш актыўна выказвацца аб імклівым здушэнні свабод, выразна выказваючы салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, членаў апазіцыі і кандыдатаў у прэзідэнты», — дадаў Аўштравічус.

Ён таксама заявіў, што «глыбока занепакоены абуральнымі спробамі дзяржаўных чыноўнікаў і праўладных СМІ прадставіць фінансавую і тэхнічную дапамогу ЕЗ доказам таго, што ЕЗ аказвае падтрымку Лукашэнку ці дае яму нейкі карт-бланш».

«Такія зламысныя спробы дэзынфармацыі могуць паўплываць на імідж і папулярнасць ЕС унутры краіны і за яе межамі. Таму я заклікаю вашы службы аператыўна і старанна вырашаць такія сітуацыі. Мы павінны дакладна данесці, што фінансавая і тэхнічная дапамога ЕЗ скіраваная на тое, каб даваць адчувальныя вынікі для грамадзян, але ніякім чынам не на ўзаконьванне або ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму», — падкрэсліў пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Аўштравічус перакананы, што ЕС павінен пачаць перагляд палітыкі ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку «прадугледзець санкцыі ў дачыненні да службовых асоб і іншых вінаватых у парушэннях правоў чалавека і асноўных свабод, калі эскалацыя гвалту не аслабне, а прэзідэнцкія выбары будуць праведзеныя ў катастрафічных абставінах».

«Беручы пад увагу важнасць і ўлічваючы сітуацыю, якая хутка пагаршаецца ў Беларусі, я заклікаюць вас дзейнічаць неадкладна і адправіць ясны адназначны сігнал беларускім уладам», — звярнуўся Аштравічус да Барэлю. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0