Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Затрыманы блогер Уладзімір Цыгановіч (MozgON). Дзве гадзіны таму яго сілай выцягнулі з машыны і без тлумачэння прычын адвезлі ў РАУС, паведамляе Nexta.

Пра затрыманне блогера таксама паведамляе «Мая краіна Беларусь».

Па інфармацыі ад знаёмай затрыманага блогера, яго адправілі адбываць 15 сутак арышту, якія яму завочна прысудзілі амаль тры месяцы таму.

12 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Цыгановіча па арт. 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мераппрыемства). Блогера абвінавачвалі ў тым, што ён 24 лютага ў сваім тэлеграм-канале заклікаў людзей прыйсці да «Белнафтахіму», каб абмеркаваць праблему павышэння коштаў на паліва.

Тады суддзя Лідзія Целіца вельмі хутка вынесла рашэнне пакараць Цыгановіча арыштам на 15 сутак. Але ў той дзень блогера не затрымалі, арышт быў адкладзены амаль на тры месяцы. 

Блогер Уладзімір Цыгановіч, які вядзе youtube-канал MozgOn, ужо раней сядзеў на сутках за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Уладзімір Цыгановіч — вядомы блогер, які хаваецца пад нікам MozgOn. На ягоны ютуб-канал падпісаны дзясяткі тысяч карыстальнікаў. Мазгон стаў адным з найбольш радыкальных крытыкаў сённяшняй улады ў інтэрнэце. Некалькі разоў ён арганізоўваў вулічныя сходы, у тым ліку супраць павышэння цэн на паліва.

Чытайце таксама: «Яны абсалютна адэкватныя» — у каманду гомельскага блогера MozgOn увайшлі «жывыя чалавекі», адэпты БССР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0