Павел Знавец — былы дэпутат Вярхоўнага савета, адзін з найбольш прафесійных зборшчыкаў подпісаў у Беларусі. Падчас кампаніі 2010 года Знавец сабраў больш за 5000 подпісаў у падтрымку Яраслава Раманчука. Ён стаяў у пікетах ад 9-й ранку да 9-й вечара. «Гэта была праца на знос», — кажа Знавец.

Павел Знавец, фота «Радыё Свабода»

Павел Знавец, фота «Радыё Свабода»

«НН» папрасіла спадара Паўла падзяліцца сваімі назіраннямі ад сёлетняй кампаніі па зборы подпісаў. Ці верыць ён лічбам, што называюць штабы кандыдатаў?

«Па маіх назіраннях і апытаннях знаёмых, у Канапацкай і Дзмітрыева папрацавалі 2-3 пікеты некалькі дзён. Гэта значыць, што Дзмітрыеў сабраў 1500 подпісаў, не болей. Канапацкая, можа, троху болей — 2-3 тысячы. Але памнажаць гэтую лічбу амаль у 100 разоў, ну прабачце…

Падпісваюцца толькі за Бабарыку, Ціханоўскую і Цапкалу. Людзі настолькі ўжо паразумнелі ў сувязі з сітуацыяй з каранавірусам, ведаюць пра астатніх кандыдатаў, што яны — пустое месца.

Андрэй Дзмітрыеў на пікеце, фота Надзеі Бужан

Андрэй Дзмітрыеў на пікеце, фота Надзеі Бужан

А так Дзмітрыеў і Канапацкая проста піярацца, на нешта спадзяюцца. Можа, Канапацкая спадзяецца, калі Лукашэнка ўсіх разгоніць, то пра яе ўспомніць, нейкую пасаду прапануе. Але на мой погляд, калі каток пайшоў, то яго ўжо не спыніць.

Цапкала і Бабарыка, думаю, сапраўды сабралі. Я асабіста сабраў за Бабарыку 210 подпісаў. Мой сябра — 240. Я на чатыры пікеты хадзіў. Проста на энтузіязме схадзіў, бо ўжо абрыдла. Калі нават палова ініцыятыўнай групы збярэ па 50 подпісаў, то ўжо будзе неабходная колькасць.

У Бабарыкі інфармацыя дакладная. Я быў у яго штабе. Усё працуе як механізм, дакладна, акуратна. Я ў адным подпісе год нараджэння не праставіў, адразу ўсё заўважылі. Малайцы, хлопцы і дзеўкі. Там пытанняў не будзе.

Цапкала таксама не дурны, а астатнія — лухта.

Ёсць два рэальныя кандыдаты, якія сабралі. Ну і Ціханоўская, думаю, збярэ. У іх толькі падпісчыкаў «Краіны для жыцця» 300 тысяч. Думаю, тысяч 120-130 у яе будзе.

Лічбы Чэрачня — таксама лухта. Купіў у Шушкевіча тусовачку з 10 чалавек, якія там 100 тысяч подпісаў?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?