(1907–2006)

Гэтая вестка прыйшла зь Нямеччыны. Сын Міхала Вітушкі паведаміў, што яго бацька памёр яшчэ 27 красавіка ў альпійскім санаторыі. На 99-м годзе жыцьця.

У апошнія гады ён быў прыкаваны да ложка, хварэў. Яго наведвалі толькі сваякі і блізкія сябры.

Міхал Вітушка – адзіны з кіраўнікоў нацыянальных антысавецкіх рухаў Супраціву ў Савецкім Саюзе, які выжыў у партызанцы і здолеў захавацца ад савецкіх агентаў на Захадзе. А яго шукалі, патрабавалі выдачы як «вайсковага злачынцы». І пры гэтым у афіцыйных публікацыях пісалі (дагэтуль пішуць), што Вітушку забілі яшчэ ў 1945 годзе. Не забілі, нават не паранілі.

Беларускі партызанскі рух пад кіраўніцтвам Міхала Вітушкі распачаў збройную барацьбу супраць бальшавікоў увосень 1945 году. У 1948 годзе Вітушка правёў яго рэарганізацыю, а ў пачатку 50-х вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад. Сам ён працягваў заставацца ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падпольлем. У 1960-х Вітушка перабраўся на Захад. Ёсьць сьведчаньні, што пад чужымі дакумэнтамі Міхал Вітушка прыяжджаў у Беларусь, апошні раз ён наведаў Бацькаўшчыну ў пачатку 1970-х, быў у Менску і Вільні.

Ён перажыў амаль усіх сваіх сяброў і ворагаў. Пасьпеў напісаць успаміны, якія калісьці будуць апублікаваныя.

Больш пра жыцьцё і таямніцу «сьмерці» і ўратаваньня М.Вітушкі ў 1945 годзе можна будзе прачытаць у кнізе Сяргея Ярша і Сержука Горбіка, якая рыхтуецца да друку.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?